“Перад пачаткам дыскусіі кіраўнік каманды рэстаўратараў Ігар Кныш правёў для прысутных экскурсію па будынку, інтэр’еры якога былі зафіксаваныя і адноўленыя намаганнямі ягоных калег.
Каманда “Басталіі” яшчэ напачатку 1990-х гадоў даследавала аўтэнтычныя роспісы ў пакоях Любанскіх. Калі было прынятае заключэнне, што драўляныя сцены сядзібнага дома ўратаваць не ўдасца, рэстаўратары знялі ў кожным пакоі па фрагменце аўтэнтычнага інтэр’ернага жывапісу разам з тынкоўкай. Цяпер гэтыя фрагменты захоўваюцца ў флігелі сядзібы і чакаюць свайго часу на экспанаванне.
На іх дбайна зафіксаваныя ўсе дэталі, каб пасля можна было аднавіць вобраз і падабраць адпаведныя колеры - што, як без лішняй сціпласці прызнаюцца мастакі, збольшага ўдалося. У некаторых пакоях налічвалася да 14 слаёў перафарбовак, кожны з якіх захоўваў памяць аб пэўнай эпосе ў гісторыі сядзібы. Пра асобныя з тых пластоў сёння нагадваюць зандажы - участкі сцен, якія адрозніваюцца ад астатняга роспісу памяшкання і паказваюць фрагменты ранейшага аздаблення. Для рэстаўратараў было важным дамагчыся падабенства з арыгінальным выглядам пакояў - але, разам з тым, даць наведвальніку зразумець, якія дэталі інтэр’ераў адноўленыя гіпатэтычна.
У асобных пакоях “вярнуць” арыгінальны выгляд роспісаў было немагчыма: бракавала крыніц. Таму яны аднаўляліся паводле аналагаў. Каманда мастакоў-рэстаўратараў сабрала альбом з выявамі інтэр’ераў іншых падобных помнікаў спадчыны XVIII - XIX стагоддзяў, на якія можна было арыентавацца.
Але там, дзе магчыма, імкнуліся захаваць арыгінальныя рашэнні і дэталі. Напрыклад, адной з асаблівасцяў ХІХ стагоддзя было ўжыванне ў інтэр’еры дэкаратыўнага жывапісу і фальшывых відарысаў - да такой ступені, што ў сядзібным доме нават дзверы з дубу ці лістоўніцы былі зашпатляваныя і пасля распісаныя пад дуб. Такімі іх можна пабачыць тут і сёння. ...”
“Нотр-Дам, убачаны з Лошыцы”http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=16288