IFLAcamp Library creative Laboratory2013, day 1

Jun 02, 2013 12:20



23-25 мая 2013 г. у Калінінградзе прайшла першая міжнародная IFLAcamp Бібліятэчная крэатыўная Лабараторыя для новых спецыялістаў, арганізаваная ўдзельнікамі Спецыяльнай групы па інтарэсах “Новыя прафесіяналы” (IFLA New Professionals Special Interest group) і супрацоўнікамі Калінінградскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістемы.
Галоўнай яе мэтай было прадстаўленне магчымасцяў для абмену досведам і наладжвання сувязей паміж бібліятэкарамі краін Еўропы. А вызначальнымі тэмамі з'яўляліся “Матывацыя супрацоўнікаў” і “Матывацыя да чытання”. Паўдзельнічаць у форуме прыехала больш за 20 маладых бібліятэчных спецыялістаў з 11 краін свету. Акрамя таго, на мерапрыемствах прысутнічала вялікая колькасць бібліятэкараў Калінінграда і вобласці. Адзіным жа прадстаўніком беларускай бібліятэчнай супольнасці была я, супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі.

Дзень першы, канферэнцыя

Зранку ў гарадской бібліятэцы №4 адбылося ўрачыстае адкрыццё Бібліятэчнай крэатыўнай Лабараторыі. Удзельнікаў і гасцей канферэнцыі прывіталі прадстаўнікі Ураду Калінінградскай вобласці і Адміністрацыі г.Калінінград, а таксама дырэктар Калінінградскай ЦБС А.М. Александронец.
Пасля слова ўзяла дырэктар Калінінградскай абласной навуковай бібліятэкі Н.А. Рузава, якая прадставіла Калінінградскую бібліятэчную асацыяцыю, створаную ў 2012 г. Яна адзначыла, што ў Калінінградскім рэгіёне працуе каля 800 бібліятэкараў, маладых спецыялістаў з іх аднак менш за 10%. І адной з асноўных мэтаў новастворанай асацыяцыі з’яўляецца ўздым прэстыжу бібліятэчнай працы, асабліва сярод моладзі.
Бібліятэкар калінінградскай Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.П.Чэхава і па сумяшчальніцтве каардынатар праекта “Бібліятэчная крэатыўная Лабараторыя” Т. Тупота распавяла пра Спецыяльную групу па інтарэсах ІФЛА “Новыя прафесіяналы”, а таксама прадставіла міжнародны праект “Бібліятэчная крэатыўная Лабараторыя для новых спецыялістаў”, які ажыццяўляецца ў ЦГБ з 2011 г.
Так, Спецыяльная група па інтарэсах “Новыя прафесіяналы” была афіцыйна ўтворана ў прафесійнай структуры ІФЛА
пры Секцыі па кіраванні бібліятэчнымі асацыяцыямі (Management of Library Associations Section, MLAS) у 2010 г. з мэтай умацавання міжнароднай суполкі маладых бібліятэкараў і развіцця прафесіі. Першая “неканферэнцыя” для новых бібліятэчных прафесіяналаў IFLAcamp прайшла ў жніўні 2012 г. у Фінляндыі ў г. Хямеенлінна напярэдадні 78га Міжнароднага кангрэса IFLA, які летась ладзіўся ў Хельсінкі. У 2013 г. IFLAcamp пройдзе ўжо другі раз, ізноўку перад пачаткам асноўнага Кангрэса IFLA у Сінгапуры 15-16 жніўня. Акрамя таго, у 2013 г. упершыню была арганізавана дадатковая сустрэча для новых бібліяспецыялістаў - IFLAcamp-Лабараторыя ў Калінінградзе. Трэба сказаць, такія падзеі сапраўды спрыяюць развіццю зладжанай працы міжнароднай бібліятэчнай суполкі маладых спецыялістаў.
А вось Бібліятэчная крэатыўная Лабараторыя спалучае тэарэтычныя і практычныя заняткі ў нетрадыцыйнай форме, у т.л. у выглядзе сустрэч, стажыровак, навучальных тураў, сумесных распрацовак інавацыйных ідэй, ажыццяўлення пэўных праектаў і г.д. “Наведвальнікі” Лабараторыі навучаюцца адзін у аднаго, а гэта і ёсць найвыдатнейшая магчымасць распавесці аб выніках сваёй працы, падзяліцца метадычнымі распрацоўкамі, крэатыўнымі планамі, маркетынгавымі стратэгіямі развіцця бібліятэкі ды ўвогуле стварае прастору для творчага самавыяўлення і новых адкрыццяў. Інакш кажучы, гэта штосьці кшталту “кірмашу ідэй”, які ініцыюе і стымулюе працоўны працэс бібліятэчнай дзейнасці і абмен ведамі ў дынамічным рэжыме.
Пасля прэзентацыі праектаў міжнародных мы вярнуліся да лакальных мерапрыемстваў. Бібліятэкары Міжраённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы імя Ю.Лермантава г. Санкт-Пецярбурга М. Камарніцкая, У. Казіміраў і П. Галаева прэзентавалі сацыякультурныя праекты сваёй бібліятэкі, накіраваныя на папулярызацыю чытання. Сярод іх - кінаклуб “Проектор” (паказ і абмеркаванне экранізацый разнастайных літаратурных твораў), літаратурныя гасцёўні (сустрэчы з пецярбургскімі пісьменнікамі, прэзентацыі кніг), кніжны клуб “Книгочей” (абмеркаванне прачытаных кніг), клуб аматараў фотамастацтва “Монокль”, экасустрэчы, заняткі для дзяцей “Умные игры”, акцыя “Книговорот”, тэматычныя флэш-мобы і тэатральныя выступы, акцыі “Летний читальный зал” і “Библионочь”, лекцыі па літаратуры і мастацтве ды інш. Акрамя таго, апошнім часам у межах ЦБС былі адчынены Бібліятэка коміксаў, Бібліятэка кніжнай графікі, Бібліятэка нацыянальных літаратур і Цэнтр брытанскай кнігі, а таксама пачалася (пакуль у тэставым рэжыме) выдача карыстальнікам электронных выданняў Літрэс (litres.ru)
Вельмі зацікавіў прысутных выступ В. Берглі, бібліятэкаркі з Публічнай бібліятэкі Вадсё (Нарвегія) “Сацыяльнае партнёрства і матывацыя дзейнасці новых прафесіяналаў”. Яна распавядала пра магчымасці наладжвання і выкарыстання сацыяльных сетак для абмену ведамі/ідэямі паміж маладымі спецыялістамі. Па сцверджанні актыўнай карыстальніцы міжбібліятэчных прафесійных сетак, яны дапамагаюць ставіць мэты і дасягаць вынікаў. Паколькі вы ня толькі атрымліваеце запрашэнні на разнастайныя мерапрыемствы, але і сапраўды можаце знайсці кваліфікаваную дапамогу калегаў і парады па разнастайных пытаннях.
Дырэктар кампаніі Sakin Media О. Нюгрэн (Стакгольм, Швецыя) падзяліўся вынікамі праведзенага ў сацыяльных сетках апытання бібліятэчных супрацоўнікаў, прысвечанага іх самаматывацыі. Дык вось, сярод шматлікіх “матывацый” да працы апытаныя называлі сустрэчы з цікавымі людзьмі (у т.л. віртуальныя), задавальненне ад пошуку інфармацыі, захапленне ад працы з сучаснымі тэхналогіямі, цудоўны калектыў, удзел у захапляльных праектах, любоў да кніг і штодзённае адкрыццё для сябе чагосьці новага.
Падчас выступу прагучала таксама інфармацыя аб пілотным праекце “Ut ur bubblan!” (“Прэч з бурбалкі!”), распрацаваным Дэпартаментам камунікацый Стакгольмскай гарадской бібліятэкі. Сутнасць праекта ў тым, што бібліятэка павінна “выйсці за свае межы”, пашырыць дыялог з карыстальнікамі ў лічбавай прасторы і пачаць наладжванне кантактаў у сацыяльных медыа. Праект працягнецца ўвесь 2013 г., у ім заняты супрацоўнікі бібліятэкі і добраахвотнікі, што актыўна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі.

Загадчык Рэгіянальнай бібліятэкай Стакгольма А. Афшары распавёў аб паспяховым досведзе арганізацыі бібліятэчнага велапрабегу ў Швецыі, што прайшоў сёлета 12-14га мая па маршруце Стакгольм-Эрэбру і быў прымеркаваны да святкавання Дня бібліятэк. Дэвізам першага шведскага ўвасаблення ідэі “Cycling for libraries” сталі словы “Калі вы рухаецеся, вам лягчэй разважаць”.
Далей супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі і прадстаўніца Секцыі “Новых прафесіяналаў” Бібліятэчнай асацыяцыі Латвіі Д. Удрэ прапанавала ўвазе прысутных даклад “Матывацыя штатных супрацоўнікаў і валанцёраў: падабенствы і адрозненні". Гэтая секцыя была ўтворана ў 2009 г. па ініцыятыве маладых спецыялістаў, што імкнуцца адкрываць для сябе новае і жадаюць вучыцца, развівацца і самарэалізавацца. На сённяшні дзень суполка налічвае каля 20 энтузіястаў з розных бібліятэк Латвіі. Удзельнікі яе займаюцца вядзеннем прафесійнага блога (па чытальнасці сярод бібліятэчных сайтаў ён займае другое месца ў Латвіі пасля сайта латвійскай нацыянальнай бібліятэкі), абменьваюцца досведам, шукаюць новыя кантакты з калегамі, удзельнічаюць у разнастайных праектах. І самае галоўнае - знаходзяць падтрымку сваім ідэям і натхненне для працы.
Аташэ па інфармацыйных рэсурсах Пасольства ЗША ў Маскве С. Зібель распавядала аб матывацыі ў свеце тэхналагічных зменаў (ад алічбоўкі відэа да менеджмента ў галіне воблачных тэхналогій.
Паспяхова прайшла і прэзентацыя ад рэгіянальнага прадстаўніка кампаніі ABBYY (Масква) А.Зяленскага “Сучасныя тэхналогіі ABBYY у бібліятэцы”.

Завяршыўся першы дзень крэатыўнай Лабараторыі выступам удзельнікаў міжнародных бібліятэчных велапрабегаў “Cycling for libraries” у 2011-2012 гг. К.Шкляр (Фінляндыя), С. Ніхойзера (Германія), Т. Тупоты і К. Цімафеевай (Расія), якія дзяліліся сваімі ўражаннямі ад бібліятэчных велаканферэнцый ды разважалі пра іх як пра нестандартны сродак камунікацыі з калегамі, матывацыі і пошуку новых ідэй.
Пасля падсумавання асноўных вынікаў дня "лабаранты" атрымалі магчымасць пашпацыраваць па вячэрнім Калінінградзе ды азнаёміцца з некаторымі яго цікавосткамі.


iflacamp

Previous post Next post
Up