Oct 06, 2013 03:23
Усё залежыць ад сістэмы каардынат. Я так і не стаў матэматыкам, хаця часам ганарліва называю сябе чалавекам_з_дыпломам матэматыка. Для мяне назаўжды загадкавымі засталіся патаемныя “еўклідавы прасторы” і іншыя шматмерныя вымярэнні, дзе звычайна нас няма.
Калі ты не матэматык, цябе цяжка ўлезці ў іншую сістэму каардынат і пабачыць свет інакш (я спадзяюся, што ў матэматыкаў з гэтым прасцей, вось і ўсё, можа камусьці яшчэ прасцей). Вось і я бачу яго толькі такім, двух-трохмерным. Гэта як у дзіцячым садку: гэта - добра, а гэта - не. Раней для мяне вымярэннем, трэцяй воссю ўсяго была ступень, па якой тое ці іншае дзеянне сумяшчаецца з класічнай еўрапейскай рацыянальнасцю. Але ёсць рэчы, якія не вымяраеш нечым рацыянальным. Тады ты сутыкаешся і трапляеш у палон сваёй жа недасканалай сістэмы каардынат.
У мяне не было патрэбны да нейкіх пошукаў сябе, у якія пастаянна была ўцягнутая Каця. Але мне хацелася верыць, што гэтыя пошукі сапраўдныя. Я захапляўся ёй і ейнай інакшасцю, яна была для мяне сапраўдным Іншым. Я натхняўся ёй, губляў і знаходзіў яе, яна сыходзіла і вярталася. Але большую частку часу я ўсё роўна ўпісваў яе ў сваю сістэму каардынат. І не мог зразумець яе. Сэнсаў тут можа быць бясконца шмат. Але я дагэтуль веру (так, не ведаю, а менавіта веру), што ёсць рацыянальнае тлумачэнне. Калі адмовіцца ад гэтай веры, не застанецца нічога. Тады ў свеце будзе сумна і нецікава, свет табе болей не спатрэбіцца, спатрэбіцца іншая сістэма каарыданат. Ты можаш адбудаваць яе сам, можаш пашукаць прыклады, можаш спалучыць усё гэта. Але ўсё гэта будзе сапраўды эгаістычна.
Таму я і надалей буду верыць у рацыянальнасць.