Простыя падарожжы: Як даехаць з Менска да Беластока і вярнуцца назад

Feb 14, 2014 15:27

Задумаў я адкрыць новы раздзел на блогу - "Простыя падарожжы". Сюды буду выкладваць алгарытмы і варыянты больш-менш бюджэтных падарожжаў, якія правераны на сабе. Спадзяюся, мае запісы камусьці спатрэбяцца і палегчаць распрацоўку лагістыкі. Пачынаю з самага банальнага, але папулярнага маршрута ў беларусаў: Менск - Беласток - Менск :)
Менск-Беласток

Спачатку едзем у Гародню. Выязджаем з Менска позна вечарам: у 23:59 цягнікамі або «623Б ВИТЕБСК - ГРОДНО» (ходзіць па няцотных), або «634Ф МОГИЛЕВ 1 - ГРОДНО» (па цотных). Ноччу адпачываем у плацкарце, і ў 05:35 раніцы прыбываем на чыгуначны вакзал у Гародні.

Далей ёсць два варыянты - або маршруткай, або цягніком.
Спачатку пра цягнік

Да пераводу гадзінніка на зімовы час у Польшчы цягнік «191Б ГРОДНО - БЕЛОСТОК» адпраўляецца ў 05:50, таму шанцаў паспець з менскага цягніка не так шмат, бо за 20 хвілін да адпраўлення закрываецца памежны пункт пропуску. Адзін раз паспець мне ўдалося, але толькі таму, што стаяла вялікая чарга. У другі раз - ужо не пусцілі. Таму не раю рызыкаваць. Я спрабаваў данесці да памежнікаў думку, што трэба неяк вырашыць пытанне з пасажырамі з менскага цягніка, але на мае прапановы яны даслалі адказ а-ля "у нас ёсць інструкцыя, а астатняе нас не калыша". Чыгунка, на жаль, таксама не захацела трошкі перасунуць расклад, каб быў час перабегчы з аднаго цягніка на другі...

Але ўзімку, у сувязі з пераходам на зімовы час у Польшчы, цягнік на Беласток адпраўляецца ў 06:50 раніцы па беларускім часе. А значыць, з 05:35 да 6:50 дастаткова часу, каб яшчэ і патусіць на вакзале.

Квіткі на цягнік у бок Беластока можна браць на чыгуначным вакзале ў Менску (але майце на ўвазе, што вярнуць назад іх нельга). Напэўна, можна паспець і ў Гародні перад адпраўленнем - не спрабаваў. Каб выйшла танней, квіток трэба браць з Гародні да Кузніцы Беластоцкай - гэта першы населены пункт у Польшчы, дзе спыняецца цягнік.



На гарадзенскім вакзале ўваход у памежны пункт знаходзіцца прама каля кас у асноўным зале, заблукаць цяжка. Заходзім туды за 30-40 хвілін да адпраўлення. Праходзім пашпартны кантроль, і чакаем у адмысловай зале, пакуль усіх выпусцяць на пасадку. Маленькі лайфхак: тут унізе ёсць бясплатная прыбіральня, хаця на самім вакзале ўваход у туалет каштуе 2500 рублёў.

У цягніку можна сядаць куды заўгодна: квіткі прадаюцца без месцаў, як на электрычку. Па дарозе можна назіраць за тым, як кантрабандысты раскручваюць вагон і хаваюць цыгарэты :)



У Кузніцы Беластоцкай прыходзяць польскія мытнікі і памежнікі: пасля таго, як у вас праверылі дакументы, трэба выходзіць на двор і курыць хвілін 40. Цяпер цягнік разбіраюць ужо польскія мытнікі - шукаюць беларускія цыгарэты. За гэты час трэба прагуляцца да будынка вакзала і ў касе купіць квіткі з Кузніцы Беластоцкай да Беластока. Карткі, па-мойму, у касе не прымаюць. Дарэчы, квіткі можна купіць потым і ў цягніку - ходзіць кандуктар. Цана тая ж самая.

Потым зноў сядаем цягнік, з якога выйшлі, і едзем да Беластока. Прыбыццё - у 8:06.

ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ >>>>

Гародня, грошы, падарожжы, Польшча, эканомія, Беласток, Менск, фота, Беларусь, мапы, цэны, лагістыка

Previous post Next post
Up