Jan 31, 2008 09:00
Уначы пабачыла сон пра школу. Скажу так: непрыемнае гэта месца, хаця вучылася я добра. Сумна ў школе, ды ці многа яна дала, акрамя таго, што я зразумела, якой быць зусім не хачу. Калі бачыш, чаму і як вучаць у школе, то лепей адтуль збегчы. Так, большасць настаўнікаў вучылі-вучылі, а я вынесла толькі адно: я паспрабую быць іншай. Пэўна, толькі два настаўнікі засталіся ў маёй памяці - гісторык Віктар Сырыца і географ Ігар Дарашэвіч (пішу, каб болей не забываць іх імёны).
Першы валодаў талентам настаўніка, не проста ж так яго клас плакаў, калі ён сыходзіў у каледж. Гэтыя тады маленькія пяцікласнікі не хацелі губляць таго, хто іх па-сапраўднаму вучыў. Мне таксама было вельмі шкада, бо гісторыя з ім стала любімым прадметам, усе, хто вучыўся ў Сырыцы, яе добра ведалі. А пасля яго сыходу...Памятаю, як ён праводзіў розныя конкурсы на веданне беларускай гісторыі, прыносіў нейкія таямнічыя значкі ТБМ, праўда не патлумачыў, чым гэтае ТБМ займаецца. Ну чаму ён ад нас сышоў?
Значна пазней з'явіўся ў жыцці нашага класа географ. Не сказаць, што ён быў вельмі таленавітым педагогам, як Сырыца, але ж на занятках па эканоміцы вучыў нас разважаць. Так навучыў, што эканамічны клас вырашылі закрыць...каб меней разважалі, бо ж занадта сталі спрачацца з усімі. Як і трэба было чакаць - эканоміку я болей не люблю...
На чалавека за ўсё яго жыццё шмат хто ўплывае, але не заўсёды можна зразумець, хто і як. Вось я дакладна ведаю, як гэтыя два чалавекі паўплывалі на мяне. Ва універсітэцкія гады такія людзі таксама былі, нават болей. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...