Feb 20, 2015 00:39
з чаго пачаць?
напэўна варта зазірнуць у далёкае дзяцінства, калі я так любіў ляжаць на сьпіне, закінуўшы адну нагу на калена другой, а правую руку запусьціць у валасы, выбраць невялікую пасму і пачаць яе круціць на пальцы, накручваць яе, прапускаць між указальным і сярэднім, скідваць яе на мезенец…
круціць валасы - мая самая першая дурная звычка, якой я навучыўся калі ня памятавал сябе самога. і ведаю я гэта дакладна, бо ў мяне ёсьць фота, якое зрабіла маці на плёначны Зэніт: мне два гады, я ляжу ў ложку ў пакоі, закінуўшы нагу на нагу і кручу на галаве валасы.
кранацца да валасоў бывае проста неабходна. мне становіцца спакойна і я пачынаю актыўна разважаць…
часам я адрошчваю валасы да плеч, і тады мае рукі ўжо штохвіліны цягнуцца да галавы. І вось тады надыходзіць час, калі я вырашаю падстрыгчыся пад машынку, адразу так, радыкальна, каб пазбавіцца дурнога выгляду: дарослы мужчына, сядзіць і накручвае сабе на галаве валасы. сьмех!
падстрыгчыся пад машынку я вырашаю раз на два гады, гэта надае мне адчуваньне пачатку новага этапу ў жыцьці, я быццам бы аднаўляюся, і калі бяру ў рукі машынку, то разыходжуся амаль на ўсё цела, пазбаўляюся большай часткі расьліннасьці (зразумела ўсё ў межах мужскога пачатку, без ніякіх там мэтрасэксуалаў і хіпстарскага лайна), і пакідаю некранутай толькі Патрыка - сваю бараду.
быў час, калі мяне з даўгімі валасамі блыталі з дзяўчынаю, і тады, калі гэта здаралася, я таксама ў рукі браў машынку, ставіў насадку на 9 мм, і пайшло ўсё куды падалей. цяпер мяне ня зблытаеш з дзяўчынай, але і валасы, якія раней былі больш сьветлымі і прамымі, і надавалі мне выгляд блізкі да “куртакабэйнаўскага”, сталі больш кучаравымі і ўвогуле, калі не сабраныя ў хвост, робяць мяне падобным на нейкую мітычную пачварку, ці то хатнік, ці то баньнік: поўны, барадаты, доўгавалосы і кучаравы.
я адважыўся заўтра ізноў распачаць новы жыцьцёвы этап: 9 мм, барада, дыета, мінімум алькаголя, больш пісьма, працы і падарожжаў.
яблыневы маёнтак,
стыхія,
цела,
чалавек