школьнікі

Feb 16, 2015 21:32

зоркамі ў старэйшых клясах былі два Лёшы.
абодва высокія, абодва накачаныя, але адзін бляндын, а другі - брунэт.
Лёшы былі ня проста зоркамі, яны былі самымі яскравымі плянэтамі, вакол якіх круцілася процьма спутнікаў, якія гатовыя былі націраць ім да бляску абутак ад цыгарэтнага попелу.

абодва Лёшы працавалі ахоўнікамі ў рэстарацыі, але працавалі толькі ў вячэрнія часы, усё-ткі паводле дакумантаў яны былі яшчэ непаўналетнімі.
Лёшам акрамя вучобы ўсё астатняе давалася проста і лёгка: стомэтроўка на пяць, алькаголь у краме без пашпарту, каханьне з любой дзяўчынай…
адносіны Лёшы завадзілі хутка, проста і неверагодна крута.
новая практыкантка па біялёгіі стажыруецца ў дзявятых клясах - абавязкова адзін з Лёшаў з ёй круціць раман, і не істотна наколькі яна прывабная, прыгожая і ўвогуле ці падабаецца, у Лёшаў быў такі плян - кожная новая практыкантка мусіць трапіць да кагосьці з іх у ложак. Яны рабілі падлікі і спрабавалі адзін аднаго перамагчы ў сэкс-эстафэце.

Лёшы былі самымі сапраўднымі аўтарытэтамі для нас, і мы ўсе лічылі, што яны стануцца неверагоднымі людзьмі ў дарослым жыцьці.

аднойчы, калі вясна нікому, акрамя батанаў не давала моцы выседзець на ўроках, і ўсе бадзяліся па раёне каля школы, Лёшы сядзелі каля пад’езду, пілі піва і гучна рагаталі разам з маладой настаўніцай-практыканткай па фізіцы і яе сяброўкай пту-шніцай, з пад’езда выходзіў малады мужчына, каля трыццаці, і зрабіў кампаніі заўвагу, што наплявалі тут, накідалі шалупіньня, недапалкаў.
Лёшы, доўга ня думаючы, надавалі маладому чалавеку ў твар.

малады чалавек ледзь выратаваўся, і зьнік у арцы дома, накіраваўшыся ў бок крамы.
мінула каля дзьвюх гадзін, калі да школы з візгатам шынаў і рыкам матораў пад’ехалі тры BMW. зь машын павыходзілі мужчыны, якія выглядалі як паўсталыя з расейскага фільму “Брыгада”, толькі гэта быў далёка ня фільм.
Лёшаў адразу адшукалі, вывелі іх на задні двор школы, і перад дзьвума сябрамі, старшаклясьнікамі, крутымі пацанамі, паўстаў той самы малады мужчына, які зрабіў ім заўвагу, і быў за гэта пакараны.

зьбітым мужчынам апынуўся Шэры, той самы Шэры, якога ніхто ніколі ня бачыў, але ўсе ведалі, што любы гандаль на раёне і наркотыкі ідуць толькі праз яго.
зразумела, што “брыгада” не зьбіралася на вачах у школьнікаў, настаўнікаў і дырэктара займацца забойствам альбо зьбіцьцём непаўналетніх, няхай і такіх здаравенных афэлкаў як Лёшы.
Шэры падышоў спачатку да аднаго Лёшы, дастаў запалкі, запаліў адну, даў у руку хлопцу, папрасіў яе трымаць як мага вышэй перад вачыма, і ня дай Божа каб запалка пагасла.

Стаіць Лёша-адзін і Лёша-два, кожны трымае па запаленай запалцы перад вачыма, а Шэры спрабуе патушыць агонь… але ня так і проста яго патушыць, бо Шэры замест таго, каб дзьмуць, плюе на запалкі, і кожным разам міма, і пляўкі трапляюць толькі ў твар Лёшам…
публічнае прыніжэньне скончылася толькі на дзясятай запалцы, калі абодва Лёшы былі запляванымі і плакалі, і незразумела было, дзе там іх сьлёзы, а дзе сьліна Шэрага.

чалавек, выпіць, успамін, герой

Previous post Next post
Up