Уся праўда пра Пэйсуок

May 23, 2009 22:50

"Гітлер. Узыходжаньне д'ябла". Паглядзелі яго з жонкай у расейскім перакладзе і вельмі павесяліліся. Тое, што прагляд ператвараецца ў сузіраньне нейкага фарсу, стала ясна ўжо хвілін праз пятнаццаць. А вінаватыя ва ўсім людзі, якія й займаліся тым самым перакладам.
А якую яшчэ рэакцыю мог выклікаць фільм, дзе нямецкія і аўстрыйскія жаўнеры адказваюць начальству: "Есть, СЭР!"
Дзе сам Д'ябал зьвяртаецца да паплечнікаў-нацыстаў: "Я собрал вас здесь, ДЖЭНТЛЬМЭНЫ..."
Дзе гарадок Пазэвальк становіцца нейкім Пэйсуокам.
Дзе фэльдмаршал Гіндэнбург (прозьвішча, як мне здавалася, намертва замацаванае ў такім напісаньні і вымаўленьні сярод расейцаў) становіцца ні стуль ні сьсюль ХИНДЕНБЕРГОМ.
І, што ўжо ня так весела: дзе Дахаў ператвараецца ў невядомую нікому Даку.
Дзе...
Вядома, пераклад рабілі з амэрыканскага арыгіналу, там, напэўна, і гучаць усе гэтыя "джэнтльмэны" ды "хінденбергі". Але маглі б неяк адаптаваць, для расейцаў Нямеччына часоў нацызму не такая ўжо загадкавая краіна, гісторыю, прынамсі, у школе ўсе вучылі.

Выканаўцы галоўнай ролі папрацавалі, здаецца, няблага. А мне прыгадаўся нямецкі актор Фрыц Дыц, які граў Гітлера ў "Сямнаццаці імгненьнях вясны". Спадар Дыц, у 30-гады антынацыст і эмігрант, спэцыялізаваўся на сцэнічным ўвасабленьні Гітлера. Да "Штырліца" ён ужо зьняўся ў гэтай ролі ў некалькіх фільмах, пастаянна граў Гітлера ў тэатры, і роля яму абрыдла. Таму, калі Саветы запрасілі яго здымацца ў эпапеі "Вызваленьне", а потым у "17 імгненьняў", ён адмаўляўся, але кожны раз марна. Часам Дыца ўгаворваў нават асабіста таварыш Гонэкер. Што рабіць - Дыц быў старшынём партарганізацыі актораў ГДР, таму ён быў вымушаны пагаджацца. Савецкія рэжысэры запрашалі Дыца зноў і зноў, ва ўсе свае бясконцыя эпапеі, пакуль актор нарэшце не памёр. Яму насамрэч пашанцавала, яго ніхто не прымушаў, начапіўшы злавесныя вусікі, крычаць генэралам вэрмахту: "Ганьба, джэнтльмэны! Што там у вас адбываецца пад Стэлінгрэйдам!.."

расея, цытаты, пытаньні, час, пераклады

Previous post Next post
Up