Пазаўчора быў госьцем "Начной Свабоды". Даў інтэрвію з нагоды хутага выхаду ў сьвет свайго раману "Сарока на шыбеніцы". Некаторых блогераў гутарка вельмі ўзрушыла :) Напрыклад, паэта Славаміра Адамовіча, які
стаў чамусьці ўзгадваць маё юнацтва. Або юзэра
volat , які дзякуючы "Начной Свабодзе" нават
пачаў па кроплі выціскаць зь сябе ўбогасьць.
Славаміру я адказаў, бо крыху ведаю яго асабіста.
Добры дзень, Славамір.
Паколькі мы з вамі крыху знаёмыя асабіста, так і быць, адкажу на вашыя пытаньні.
Мы з вамі ў зусім розных сытуацыях. Аддаю, дарэчы, належнае вашай мужнасьці і волі да жыцьця і свабоды. Не, ні бутэлькі, ні хлеб на звалках я ў Нямеччыне не зьбіраю. Не хачу. Жыву тут на невялікую стыпэндыю ад нямецкага ПЭН-цэнтру і ганарары за выступы і публікацыі. Вы ехалі за мяжу на заробкі? Я ехаў як пісьменьнік. Маючы апублікаваныя пераклады сваіх твораў і неблагую літаратурную рэпутацыю. Мае эўрапейскія сябры, якія высока цэняць маю творчасьць, зрабілі ўсё, каб я змог выехаць у Нямеччыну і там уладкавацца. Магчыма, калі б у вас былі такія ж сябры, то і жыцьцё вашае ў Нарвэгіі склалася б па-іншаму. Аднак маем тое, што маем. Я літаратар. Гэта мая праца. Палітычнага прытулку пакуль не прасіў і маю беларускі пашпарт. Сіні пашпарт дзяржавы, адносна якой у мяне няма ні ілюзій, ні сантымэнтаў. Дзяржавы, зь якой у мяне ёсьць праблемы. Не такія, як у вас, вядома ж, я ніколі палітыкай не займаўся - але і поглядаў сваіх ніколі не хаваў і не зьбіраюся. Проста тое, што адбываецца ў Беларусі, да палітыкі дачыненьня ўжо ня мае, гэта пытаньне ўжо наогул чалавечай годнасьці. Пішу свае кнігі, у кніг ёсьць чытач; па шчырасьці, мне пляваць, што пра іх думаюць глухія да літаратуры людзі. Нікога і ніколі жыцьцю не вучу і думаю, што ні ў каго няма на гэта права. Ніводнага разу ў жыцьці я не папрасіў журналіста ўзяць у мяне інтэрвію, але калі мяне просяць выказацца (гэта бывае часта), я выказваюся. І ўжо тады кажу тое, што думаю, без аглядкі на любых патрыётаў, крытыкаў і дурняў.
Мерацца ўзроўнем уласнага патрыятызму - яшчэ большы ідыятызм, чым мерацца чэлесамі. Ад сваёй беларускасьці я ніколі не адмаўляўся. Дзякуючы мне сотні людзей тут даведаліся пра існаваньне гэтай краіны, а там, на радзіме - сталі хаця б часткова беларускамоўнымі. Тыя, хто ведае мяне і маю сям'ю, цяпер ціха сьмяюцца з істотаў, якія абвінавачваюць мяне ў антыбеларускасьці.
Я таксама дзіця гэтае беларускае ўбогасьці. Як і вы, як і яшчэ некалькі мільёнаў чалавек. Толькі ёсьць тыя, хто гатовы зь пенай на вуснах абараняць гэтую ўбогасьць, таму што яна СВАЯ, РОДНАЯ, а ёсьць тыя, хто не зьбіраецца зь ёй мірыцца, бо хоча іншага жыцьця. Прызнаць яе - значыць зрабіць крок да ўласнае свабоды.
Вы, натуральна, можаце дагэтуль лічыць мяне пэтэвэшнікам. Я вам не забараняю. Нагадаю, аднак, што у ПТВ ніколі не вучыўся, скончыў філфак пэдунівэрсытэту. Зрэшты, пра гэта напісана ў любой біяграфічнай даведцы. Вас так уразіў калісьці выгляд дваццацігадовага панк-рокера? Падзялюся з вамі патаемным: вы мне нагадвалі ў 90 гадах такога сьмешнага местачковага дэндзі, які толькі што прыехаў у сталіцу і яшчэ трохі пабойваецца вялікага горада. Кажаце, уразіла толькі мая бел. мова? На маёй вечарыне ў "Зьмене" вы, аднак, з такім імпэтам нахвальвалі маю творчасьць... Ну, я не крыўдую, чаго ня зробіш дзеля магчымасьці выступіць.
Вось жа, Славамір, вы мяне калісьці зафрэндзілі, а я вам узаемнасьцю не адказаў. Чаму? А таму што вы дазваляеце сабе працаваць на карысьць той самай убогасьці.
Я вельмі рэдка дазваляю ўцягнуць сябе ў такія спрэчкі. Паглядзім, ці ёсьць у вас што сказаць на гэты маналёг даволі стомленага і, паверце, мала закранутага вашымі палымянымі словамі чалавека. З гэтай мышынай валтузьнёй за сваёй сьпінай я звыкся. Калі хочаце, пагаворым. Усё залежыць ад вашай "вменяемості".
Або юзэру
krasannna , якая
лічыць, што адкрыла маю вялікую таямніцу. Нават добры южык
poplavok_a ня здолеў стрымацца. Падазраю, што мой сьпіс няпоўны.
Заклікаю ўсіх, хто падзяляе погляды названых тут спадароў і спадарыні, як мага хутчэй мяне адфрэндзіць. Каб не дурыць галаву ні мне, ні сабе.