"І цябе палічылі, і мяне палічылі"

Oct 16, 2009 14:06

Ну вось, як у той казцы пра казлянятка - "1 - гэта Паша, 2 - гэта я, 3 - гэта Ян, 4 - гэта Вераніка". Толькі сёння Пашка абураўся, што не прыходзяць перапішчыкі, што трэба патэлефанаваць і замовіць беларускія карткі, ці самім падыйсці ў школу і пасварыцца, (ён адразу ўяўляў, што беларускіх картак не будзе, таму і сварыцца трэба будзе пачынаць падрыхтавана). Толькі ён сёння пра гэта абураўся, як да нас прыйшла перапіс. А дакладней перапішчык, такі хударлявенькі хлопчык, са значкам перапішчыка і з тоўстай сумнай на баку (цікава, ім яе падораць?). Я была б не я, адразу папрасіла паказаць пасведчанне перапішчыка (ну цікава ж). Яно такое заламініраванае, з каляровай фоткай хлапчука. Муж ужо падрыхтаваны да сваркі першым чынам запытаўся пра бланкі на беларускай мове... і опанькі, аблом, бланкі былі на месцы, ды яшчэ і на ўсіх чальцаў сям'і. Хлапчо пачало хвалявацца, блытацца ў беларускіх словах. Але запоўніўшы ўсе бланкі на развітанне сказаў "Да пабачэнне". Можа перапішчык мне добры патрапіўся, не ведаю.

P.S. Сябра пайшоў перапісваць усю сваю сям'ю. Як вынік атрымалася такая рэч - маці (украінка, родная мова руская, і дома па-руску), брат (беларус, родная мова руская, і дома па-руску), і ён вось такі ўнікальны хлапча :-) (хаця з братам блізнюкі) (беларус, родная мова беларуская, дома па-руску). Як гэта ўсё бедная статыстыка будзе перапрацоўваць, мабыць да наступнага перапісу будуць уганяць у кампутары.

Беларусь-беларусы, Прыватнае

Previous post Next post
Up