Відзы-Лаўчынскія, вёска Браслаўскага раёна, якая ўзгадваецца ўпершыню ў 1586 годзе як Ловішча. Але самі землі разам з мястэчкам Відзы ўзгадваюцца яшчэ ў ХV ст калі Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч аддаў іх братам Доўгірду і Нарушу.
Ва ўладаннях Нарушэвічаў (Наруш з'яўляецца заснавальнікам роду) відзаўскія землі знаходзіліся да XVIII ст. Менавіта тады, Алена Нарушэвіч, дачка лоўчага літоўскага Яна Нарушэвіча, з пасагам прынесла маёнтак Аўгусціну Ваўжэцкаму. Пры іх уладанні Відзамі-Лаўчынскімі і была пабудавана сядзіба якую мы сёння бачым. Пасля смерці Аўгусціна, маёмасць была падзелена паміж двума сынамі Ярашам Аляксандрам і Уладзіславам. Відзы і землі адыйшлі Уладзіславу Ваўжэцкаму і яго жонцы Марыі з Кастравіцкіх. Старэйшы ж Яраш атрымаў маёнтак у Мейштах.
З сядзібай звязана жыццё знакамітага дзеяча нашай краіны Тамаша Ваўжэцкага.
Нарадзіўся ён ў 1753 годзе ў Мейштах, у сям'і Тадэвуша Ваўжэцкага і Барбары Тызенгаўз. Вучыўся Тамаш у езуіцкай школе ў Відзах. Пасля шлюбу з Юзэфай Пац жыў у маёнтку жонкі ля Коўна. Ад шляхты Браслаўскага павета абіраўся дэпутатам на Сойм Рэчы Паспалітай. Падчас пасяджэнняў якога палымяна настойваў на прыняцці Канстытуцыі краіны, якая пасля прыняцца ў 1791 годзе стала першай у Еўропе, і другой пасля ЗША у свеце. Настойваў так палымяна, што ў гісторыі засталася колькасць яго прамоў - 169. Удзельнічаў у руска-польскай вайне 1972 года. Удзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі як генерал па Браслаўскаму павету і за свае сродкі цалкам абмундзіраваў і ўзброіў паўстанцкі атрад колькасцю 300 чалавек. Пасля таго, як Касцюшка патрапіў у палон узначаліў паўстанне. Пасля падаўлення паўстання быў затрыманы і два гады знаходзіўся ў турме Пецярбурга. З ўступленнем на трон малады імператар Павал І правёў амністыю ў абмен на прысягу вернасці. Тамаш даў прысягу і быў вызвалены, пасля гэтага вярнуўся на радзіму. Турма зрабіла ўсё ж такі ўплыў на свядомасць Ваўжэцкага, бо яго пазіцыя пра незалежнасць былых зямель Рэчы Паспалітай з цягам часу змянілася на лагодную прарасійскую. У вайне 1812 года Тамаш ужо не прымаў ніякі актыўны ўдзел. У гэты час ён знаходзіўся ў Пецярбургу і займаў пасады сенатара, ваяводы і міністра юстыцыі ў Царстве Польскім. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве дзе і памёр 5 жніўня 1816 года. З месцам смерці адбываецца разыходжанне ў розных крыніцах, адныя кажуць, што памёр ён у Варшаве, іншыя, што ў Відзах-Лаўчынскіх. Але што дакладна - тое што пахаваны Тамаш Ваўжэцкі ў Відзах ля дарогі, і гэта дарога вядзе зусім не ў бок прыгожай сядзібы.
Відзы-Лаўчынскія знаходзіліся ва ўладаннях Ваўжэцкіх да сярэдзіны ХІХ ст, пакуль Эмілія Ваўжэцкая (1812-1878), дачка маршалка браслаўскага Міхаіла Ваўжэцкага (1785-1846) і Канстанцыі з Лапацінскіх, не выйшла замуж за маршалка шляхты віленскай губерні Тамаша Мінейка (1808-1856). У гэтай сям'і Відзы і навакольныя землі засталіся ва ўладаннях да 1939 года.
Але вернімся да сядзібы. Яна была пабудавана ў Відзах-Лаўчынскіх у сярэдзіне ХVІІІ ст. на беразе возера Дворнае і ўяўляе сабой аднапавярховы будынак на высокім каменным цокале. Дзякуючы гэтаму цокалю і размяшчэнню на схіле з аднаго боку сядзіба выглядае як аднапавярховы, а з іншага боку, як двухпавярховы будынак.
Да сядзібы вяла вузкая алея працягласцю 280 метраў, абапал яе і на сённяшні момант растуць клёны і ясені.
Цэнтральны ўваход сядзібы, аздоблены чатырма драўлянымі калонамі з порцікам, быў размешчаны з паўночнага боку, вакол цэнтральнай пляцоўкі раслі клёны востралістыя.
Паўднёвая частка палаца з другім выхадам у парк глядзіць на возера. Першапачаткова, ніякага арачнага ганка, які сёння мы бачым не было. Ён з'явіўся толькі ў канцы ХІХ стагоддзя па праекту Тадэвуша Растроўскага. Ганак з вялікай лесвіцай дазваляў выходзіць гаспадарам адразу ў парк і быў пабудаваны з камня ў псеўдарэнесанскім стылі. Калі з боку заезда каля сядзібы былі высаджаны клёны, то з боку парка пляцоўку абрамлялі блакітныя елкі.
Парк уяўляў з сябе несімітрычную, што нетрадыцыйна для тых часоў, планіроўку і займаў тэрыторыю каля 5 гектараў. Усе паркавыя зоны былі аформлены ў англійскім стылі, якому характэрна хаатычнасць, але ў той жа час добра распланаваны дызайн, які з кожным паваротам адкрывае для наведвальнікаў новыя закуткі. Уладары сядзібы нават давалі закуткам прыгожыя назвы - "Альтанка пані Эвеліны", "Генеральскі гай" і "Могілкі Евы і Зазы".
Прыгожае паданне існуе пра закуток які называўся "Магіла Евы і Зазы". Знайсці яго можна па камню, на якім выбіты гэтыя імёны.
фота з globus.tut.by
Кажуць, што ў пана Мінейка была любімая кабыла, якую звалі Ева. І куды б ён не ездзіў з Евай па наваколлю, паўсюль за імі бегла сабака Заза. Аднойчы, Ева паламала нагу і выратаваць яе было не магчыма, таму прыйшлося гаспадару застрэліць любіміцу. Разлуцы з сяброўкай не вытрымала сабака. Яна пастаянна ляжала ля яе магілы, скуліла і ў адзін дзень знянацку памерла. Бачачы сяброўскую адданасць, Мінейка пахаваў побач з Евай і сабаку Зазу, а на паляне паклаў валун, на якім былі выбіты іх імёны.
У калісьці прыгожым парку, які зараз нагадвае лес пакуль яшчэ можна знайсці конскі каштан, арэх шэры, ясень звычайны і лістоўніцу еўрапейскую, а каля возера дзе раней былі купальні яшчэ растуць івы ломкія.
А давайце з дапамогай падрабязных апісанняў пакояў, якія зрабіў польскі гісторык Аўтаназі, пафантазіруем і зробім экскурсію па калісьці прыгожай сядзібе.
------------
Вы гасцюеце ў гаспадароў Мінейка на самым пачатку ХХ стагоддзя.
Заходзячы ў сядзібу праз цэнтральны ўваход вы патрапляеце ў маленькую вітальню ад якой расходзяцца даўгія калідоры ў двух напрамках.
Правы калідор вас прывядзе у вялікую сталовую з трыма шырокімі вокнамі з якіх адкрываецца захапляльны від на парк, дзе летам, праз рэдкія галінкі можна пабачыць мільгаценне возера. Падчас вашага гасцявання ў 1900 годзе ў сталовай залі яшчэ выстаўлены старажытны срэбны посуд, ён пакуль яшчэ з'яўляецца гонарам гаспадароў. Чаму пакуль з'яўляецца? Таму, што ў часы Першай сусветнай вайны сядзіба будзе разрабавана і сямейны посуд знікне.
Левы калідор прывядзе вас ў гаспадарчыя спальні, якія мяжуюць з гардэробнай. Кожны пакой сядзібы выкананы ў розных стылях і колерах, але гэта не вяглядае ляпіста, гэта выглядае стылёва і прыгожа.
Цэнтральную частку сядзібы займаў вялікі салон, менавіта з яго вы можаце вечарам выйсьці ў парк і мінаючы блакітныя елкі, якія стройнымі шэрагамі апаясваюць пляцоўку падыйсці да прахалоднага возера. З гэтага ж вялікага салона вы маглі б патрапіць у маленькі салон і кабінет. Гаспадары вам абавязкова распавядуць розныя гісторыі пра сваю сядзібу. Не абмінуць яны і тое, што калісьці салон выглядаў зусім інакш. Зараз ён пафарбаваны ў светлыя колеры, а раней усе сцены цэнтальнага пакоя былі роспісаны разнакаляровымі малюнкамі і галінкамі з кветкамі. Мода ж існуе і ў дызайне, таму гаспадары вырашылі змяніць архаічны стыль на больш сучасны і прасторны. Што не кранулі сучасныя Мінейкі, гэта мэблю, якая засталася ім ад бацькоў. Мэбля гэта старая і была прывезена яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя з Еўропы. Гарнітур стыля поздняга ампіра аббіты чырвона-залатой тканінай, а крэслы ў стылі Луі-Філіпа наадварот, цёмна-зялёныя.
стыль ампір
стыль Луі-Філіпа
Калі вы захочаце днём выпіць духмянай гарбаты, ці навамодай кавы, то можаце адпачыць у малым салоне, дзверы якога мяжуюць з вялікім. Малы салон невялікі па сучаснаму меркаванню, але тканевыя белыя шпалеры ў кветку робяць яго крыху шырэйшым і больш вялікім чым ён з'яўляецца ў рэальнасці. Гледзячы на мэблю ў стылі Людовіка ХV, якая размешчана ў малым салоне, з яго мяккімі спінкамі і шыкоўнымі вузорамі на білках вы разумееце як прыгожа і ўтульна тут будзе зімой, калі ў каміне з белай кафляй будуць патрэсківаць дровы, а на канапе ляжаць цёплы плед. А летнімі днямі, калі на вуліцы дождж відаць тут вельмі ўтульна чытаць кнігу, якую можна ўзяць у кабінеце гаспадара, дзверы якога выходзяць таксама ў вялікі салон.
стыль Людовіка ХV
Калі мы ўжо ўзгадалі пра кабінет, то давайце наведаем і яго, пакуль Мінейка не працуе. Стыль кабінета досыць стрыманы і строгі, тут вы не знойдзеце мяккія фатэлі і канапы, за тое знойдзіце шафы з кнігамі і дакументамі. Дакументы засталіся яшчэ ад былых жыхароў сядзібы, якія тут збіралі архіў сям'і Мінейка і Ваўжэцкіх, а кнігі былі прывезены ў сядзібу з еўрапейскіх вандровак ужо сучаснымі гаспадарамі. Хаця ёсць некаторыя экземпляры і сярэдзіны ХІХ стагоддзя і значная частка з іх, вядома, на французскай мове. На сценах кабінета вісіць пару карцін французскіх мастакоў.
Сядзіба падчас вашага гасцявання ў Мінейка будзе нібыта сама распавядаць вам пра былых гаспадароў, бо на сценах вісяць вялікія, амаль у поўны рост партрэты Філіцыі Ваўжэцкай, Марыі Мінейка, Мацільды Аскірка і Ядзвігі Горват. Акрамя сямейных партрэтаў, у розных пакоях можна знасці таксама карціны з Францыі, Галандыі, Нямеччыны.
Прыгожа было ў сядзібе Відзы-Лаўчынскія?
А зараз на жаль рэальнасць...
...якая прыводзіць у роспач.
Побач з домам таксама былі пабудаваны: стайня у стылі класіцызму, зернясховішча з драўлянымі калонамі на ўваходзе і пякарня з вялікім порцікам на двух калонах. У 1855 годзе ў Відзах-Лаўчынскіх з'явіўся і бровар, абсталяванне яго ў пачатку ХХ ст было заменена на апараты з паравым рухавіком.
Пасля падзелу Беларусі Відзы-Лаўчынскія, Відзы, Браслаўскі край ды і іншыя землі Заходняй Беларусі ўвайшлі ў склад Польшчы. Гэта вядома адтэрмінавала для іх гаспадароў рабаванне, раскулачванне і галечу, але не на доўга, адтэрміноўка была толькі на 20 год.
Пасля Другой сусветнай вайны на аснове сядзібнага камплекса быў арганізаваны калгас "Бальшавік", які праз 20 год быў перайменаваны ў калгас "Камуніст". Па перапісу 2010 года ў вёсцы жыло 314 чалавек, колькі жыве зараз пакажа ўжо перапіс у 2019 годзе. Але ведаючы тэндэнцыю малых гарадоў і вёсак мяркую лічбы будуць сумныя.
Цікавы факт. Каля Відзаў-Лаўчынскіх ёсць чатыры возеры: Дворнае, Чорнае, Белае і Смердзіс. Апошняе атрымала назву не проста так, а ад таго, што каля яго б'юць крыніцы ў якіх утрымліваецца вялікая колькасць серавадароду і возера летам добра так сямярдзіць. Менавіта вакол гэтых крыніць у 1860 годзе быў арганізаваны лячэбны курорт "Лазенкі". У ім дзейнічала 60 ванн і працаваў доктарска-медыцынскі персанал. Але праца курорта была нядоўгай, ці ва ўладароў не хапіла крэатыўнасці і энергіі каб разгарнуць і пашырыць сваю дзейнасць у гэтай сферы, ці нешта іншае перашкодзіла, але ў канцы ХІХ ст. курортныя ванны былі ўжо зачынены. Адзінае, хто выйграў ад гэтай авантурнай ідэі - возера, яно перстала называцца Смердзіс, а з таго часу пачало называцца Лазенкі.
P.S. Калі збярэцеся ў вандроўку, па-першае, памятайце пра пашпарт, яго вядома трэба браць у вандроўкі па Беларусі ў любым выпадку, а тут асабліва, бо побач знаходзіцца дзяржаўная мяжа. А па-другое, сачыце за тэлефонам, бо вельмі лёгка можаце перайсці ў роўмінг, што здарылася якраз у нас калі мы былі ў сядзібе Мінейка.
Крыніцы: Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej, Федорук А.Т. "Садово-парковое искусство Белоруссии", Беларуская гістарычная энцыклапедыя