Езуіты (лац. SocietasJesu)
Дэвіз. "Мэта апраўдвае сродкі".
Гісторыя. Ордэн быў створаны гішпанскім дваранінам Ігнаціем Лаёлай у 1534 годзе для барацьбы з Рэфармацыяй і дзеля ўмацавання каталіцызму. Свой дывіз яны трактавалі як уседазволенасць, а яна ў сваю чаргу давала магчымасць ўдзельнічаць у палітычнай барацьбе, не насіць манаскае адзенне і нават пазбаўляцца ад некаторых абетаў і зарокаў. Такі падыход да асветніцкай дзейнасці ператварыў езуітаў у моцную і ўплывовую рэлігійную сілу не толькі ў Еўропе, але і ў Амерыцы, Азіі і Афрыцы. Багацце, якое лілося да іх ракой, асядала ў касцёлах, кляштарах і школах. Адукацыя ў езуіцкіх школах лічыталася самай лепшай у свеце, таму дзеці буйных магнатаў і дробнай шляхты намагаліся атрымаць адукацыю менавіта ў іх школах і калегіўмах. Найбольшую падтрымку ад дзяржаў і магнатаў ордэн атрымліваў ў ХVІІ- ХVІІІ ст, але ўжо ў 1773 годзе пад уплывам асветніцкіх ідэй і пагаршэння стаўлення з боку грамадства да езуітаў папа рымскі быў вымушаны скасаваць ордэн. Дзейнасць езуітаў напрацягу 40 год працягвалася толькі на былых землях ВКЛ, але таксама была моцна абмежавана Расійскай імперыяй. Вяртанне ордэна ў Еўропу адбылося ў 1814 годзе.
Побыт. З самага пачатку сваёй дзейнасці ордэн будаваўся на строгай, амаль ваеннай, дысцыпліне і моцнай цэнтралізацыі ўлады. Кіраўнік ордэна абіраўся пажыццёва і падпарадкоўваўся толькі папе рымскаму. Распарадак дня быў такім жа, як і ў іншых ордэнах - малітвы, праца ў манастыры ці па-за яго межамі і ўсемагчымае праслаўленне ордэна сярод насельніцтва.
Вопратка. Адзенне езуітаў - гэта чорная прамая рыза з белым і чорным каўнерам. Чорны пояс, які апаясваў рызу быў завязаны на правым баку. Выгляд адзення езуітаў не змяняўся з ХVІ ст, толькі ў нашыя часы ў краінах Афрыцы і Азіі чорны колер быў заменены на белы.
ВКЛ. У ВКЛ езуіты з'явіліся ў 1569 годзе праз 10 год пасля таго, як пачалі дзейнасць на польскіх землях. А праз 50 год, дзякуючы хуткаму будаўніцтву на тэрыторыі ВКЛ касцёлаў і кляштараў, была асобна створана Літоўская правінцыя ордэна. У яе ўваходзілі землі Беларусі, Літвы, Мазовіі і Латвіі. Пазней у 1759 годзе з-за вялікага росту колькасці кляштараў з Літоўскай правінцыі была асобна вылучана Мазавецкая правінцыя, куды ўвайшла частка зямель сучаснай Беларусі. Пасля таго, як папа рымскі скасаваў ордэн у 1773 годзе, яго маёмасць на тэрыторыі ВКЛ была перададзена Адукацыйнай камісіі, калегіўмы былі ператвораны ў свецкія школы, бібліятэкі і дакументы распрададзены. Руская імператрыца Кацярына ІІ пасля падзелаў Рэчы Паспалітай захавала на далучаных землях дзейнасць ордэна і тым самым выклікала абурэнне і незадавальненне папы рымскага. Толькі ў 1801 годзе панціфік пайшоў на сустрач езуітам і афіцыйна дазволіў ім дзейнічаць у межах Расійскай імперыі. Дазвол на дзейнасць даў магчымасць ордэну за некалькі год стварыць вакол Полацка навуковую акругу. У 1814 годзе ордэн быў адноўлены ва ўсім свеце. Пасля гэтага ордэн перастаў цікавіць расійскую ўладу, і ў 1820 годзе ўказам імператара дзейнасць езуітаў была спынена на тэрыторыі Расійскай імперыі, а манахі высланы з краіны. У Беларусь езуіты вярнуліся толькі пасля Рыжскага міру і падзелу краіны на Заходнюю і Усходнюю. У 1920-30-я гады пад Слонімам у Альберціне ордэн стварыў актыўную каталіцка-езуіцкую групу, якая займалася асветніцкай дзейнасцю на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
У нашы дні архітэктурную спадчыну ордэна можна пабачыць у Гародні, Жадзішках, Мінску, Магілёве, Мсціслаўле, Воршы, Пінску, Полацку, Юравічах.
Сучаснасць. Сёння езуіты лічацца адным з найбольш уплывовых і найбуйнейшых каталіцкіх ордэнаў у свеце. Налічваюць каля 20 000 манахаў, большасць з якіх - святары. Езуіты дзейнічаюць у 85 правінцыях, налічваюць 1 540 прыходаў, якія працуюць у 128 краінах свету. Папулярнасць ордэна сёння працягвае расці таксама дзякуючы таму, што ў 2013 годзе папай рымскім упершыню ў гісторыі Ватыкана быў абраны езуіт.
Каталіцкія манаскія ордэны на тэрыторыі Беларусі
http://azarkinm.livejournal.com/176785.html