ВАЛАВЕЛЬ (Брэсцкая вобласць)

Mar 22, 2017 07:49

Вёска Валавель Драгічынскага раёна знаходзіцца недалёка ад раённага цэнтра і зусім побач з маёнткам Заказель, дзе сёння турысты шукаюць казачную капліцу Ажэшка. Заможны род Антона Ажэшка пачаў валодаць Мотальскім Войтаўствам з часоў караля Сігізмунда ІІ Аўгуста. Пры Леапольдзе Ажэшка ў 1750 годзе у Заказелі пачынаецца будаўніцтва радавой сядзібы. Адначасова з будаўніцтвам дома закладваецца парк і пачынаецца будаўніцтва ў маёнтку Валавель ўніяцкай драўлянай царквы.

Юр'еўская царква была пабудавана ў 1766 годзе ў барочным стылі. Дзве яе вежы нібыта ірвуцца ў вышыню і надаюць храму ўзнёслы выгляд, што аправяргае ўсе заявы, што стыль барока - гэта толькі каменныя будынкі. Да Валавельскага прыхода адносілася 2500 прыхаджан з 7 навакольных вёсак. Жыхары Валавеля, Галікі, Гуркоў, Дзятлавічаў, Карсуні, Сулічаў і Ямнікаў да 1839 года прыходзілі і маліліся па ўніяцкаму абраду, а пасля скасавання ўніі ўсіх перахрысцілі ў праваслаўных.


фота з globus.tut.by

Пасля паўстання 1863 года матэрыяльны стан Ажэшкаў пачаў пагаршацца, і ў 1893 годзе Калікста Ажэшка быў вымушаны прадаць землі графіне Надзее Бабрынскай, сваячцы пазашлюбнага сына Кацярыны ІІ і графа Арлова. Яна валодала землямі да 1919 года і вельмі ахайна ставілася да ўсёй маёмасці Ажэшка. Правяла рэстаўрацыю сядзібы, пабудавала бровар, занялася паркам і ахвяравала грошы на ўтрыманне праваслаўнай царквы ў Валавелі. У 1922 годзе яе сын Аляксей прадае Заказельскі маёнтак з усімі належнымі яму землямі Зыгманду Весялоўскаму, а той праз год прадае Каралю Талочка. Апошні ўладар зямель Караль быў у захапленні ад свайго маёнтка. Зрабіў рамонт сядзібнага дома, накрыў бляхай капліцу Ажэшка і ўсяляк спрабаваў прынесці новыя тэхналогіі ў сельскагаспадарчыя працы. Караль нават падчас Другой сусветнай вайны супрацоўнічаў з партызанамі і ўсяляк дапамагаў ім, з маёнтка з'ехаў толькі ў 1944 годзе.

У 2016 годзе прыхаджане і жыхары наваколля адзначылі 250-годдзе Юр'еўскай царквы. Падрыхатоўка да падзеі пачалася за некалькі год да мерапрыемтва. Спачатку быў зроблены ўнутраны рамонт будынка, а пасля і знешні...

...На жаль, усё, што вы прачыталі вышэй, можна забыць. Пасля праведзенага рамонта турыст ужо не паедзе ў Валавель паглядзець на барочны храм, які з'яўляецца помнікам Палесскай школы драўлянага дойлідства. Вёску можна выключыць з усіх турыстычных маршрутаў.




фота з globus.tut.by

Спачатку, у 2012 годзе былі абрэзаны дзве вежы і пастаўлены новыя цыбуліны, а ў 2015 годзе знешнія сцены абшыты пакатай дошкай блок-хаўс. Перад намі з'явіўся абсалютна новы, непрыгожы і абыякавы храм, уся гісторыя якога з 2015 года засталася толькі на паперах.

Ці варта спыняцца каля былой прыгажосці Палесся, турыст будзе вырашаць сам. А я з сумам прагледзела фатаздымкі пераўтварэнняў і выкрэсліла Валавель са сваёй вандроўкі.



фота з radzima.org

Брэсцкая вобласць, Талочка, Вандроўкі Беларусь, Вандроўкі, Ажэшка, Весялоўскі, Драгічанскі раён, Бабрынскі

Previous post Next post
Up