Першыя ўзгадкі Дзятлава адносяцца да 1440-1450 гадах, і ўзгадваюцца ён як "двор Здзяцел". У 1498 годзе Здзяцел быў падораны князем Аляксандрам Ягелончыкам вялікаму гетману літоўскаму Канстанціну Астрожскаму на вечнае карыстанне, з дазволам будаўніцтва горад. Астрожскі скарыстаўся такой магчымасцю і пабудаваў у Здзяцеле драўляны замак.
Напачатку ХVII стагоддзя Дзятлава - гэта ўжо мястэчка ва ўладаннях Сапегаў. У 1624 годзе ўладар мястэчка Леў Сапега будуе касцёл Успення Багародзіцы, пры якім дзейнічаў шпіталь. Касцёл быў збудаваны на Рынкавай плошчы. Ішоў час, змяняліся ўладары мястэчка, зараз плошча носіць савецкую назву - Плошча 17 верасня. У 1743 годзе моцны пажар, які ахапіў горад пашкодзіў не толькі драўляныя хаты, але і касцёл. Што стала падставай для перабудовы касцёла ў барочным стылі.
Па тэстаменту Казіміра Сапегі (1609-1656) мястэчка разам з маёнткамі Яварам і Вязовічамі перадаецца ў спадчыну сыну яго стрыечнай сястры - Аляксандру Палубінскаму (1626-1679). Дачка Палубінскага, Ганна Марыя, пабраўшыся шлюбам у 1665 годзе з Дамінікам Мікалаем Радзівілам (1643-1697), атрымала Дзятлава ў пасаг.
Падчас Паўночнай вайны ў студзені 1708 года напрацягу тыдня ў мястэчку размяшчаўся Пётр І, а ў наваколлі кватэравалася асноўная група рускіх войск. Крыху пазней у гэтай вайне горад быў узяты шведамі і спалены. У тым полыме загінулі не толькі хаты звычайных дзятлаўцаў, але і драўляны замак Астрожскага, які прастаяў тут 200 год.
У 1751 годзе Мікалай Радзівіл пабудаваў недалёк ад касцёла прыгожы палац у стылі ракако. Сядзібны комплекс складаўся з палаца, гаспадарчых будынкаў, пейзажнага парка з круглым вадаёмам. У парку былі размешчаны альтанкі і малыя масты праз каналы.
Апошнім уладаром дзятлаўскага палаца з'яўляўся Станіслаў Солтан, жанаты на дачцэ Станіслава Радзівіла Францыске. Ён валодаў мястэчкам з канца XVIII ст. да 1831 года, калі за ўдзел у паўстанні ўся яго маёмасць была канфіскавана ў скарбонку Расійскай імперыі.
З другой паловы ХІХ стагоддзя царская ўлада размесціла ў прыгожым палацы казармы.
Па малюнку Сасінскага бачыць, што ў палацы па баках павінны быць яшчэ дзве трохярусныя вежы. Калі былі згублены вежы невядома, але досыць верагодна, што менавіта пасля канфіскацыі палаца адбылася і перапланіроўка будынка.
Напачатку ХХ стагоддзя салдатаў у палацы замянілі навучэнцы - тут размясцілася школа.
У савецкі перыяд у калісьці прыгожым палацы Радзівілаў ды Солтанаў працаваў шпіталь, а ў 1970-я побач з ім была пабудавана новая раённая лякарня. Каля якой быў размешчаны помнік загінуўшым у Другой сусветнай вайне дзятлаўцам.
Вандруючы па Беларусі назіраецца сумная савецкая тэндэнцыя - паўсюль, каля былых палацаў ды сядзібаў савецкая ўлада будавала ці помнік загінуўшым у Другой сусветнай вайне, ці помнік Леніну.
На дадзены момант шпіталь зачынены і чакае вызначэння свайго лёсу. А каля ўвахода можна пабачыць вось такую шыльду.
Дзе вядома вы не знойдзеце ні імёны сапраўдных уладароў палаца, ні словы пра вызваленчы рух, ні пра падзеі 1831 года. За тое, турыст даведаеца, пра знаходжанне тут знакамітага рускага цара.
А купалы Спаса-Прэабражэнскай царквы, якая пачала будавацца ў 1990-я гады побач з старой царквой, упершыню не выклікаюць адмоўнай рэакцыі.
Галоўнае каб прыхажане не памянялі свайго меркавання і не пазалацілі.
Блукаючы па Дзятлава, вы адчуеце, што знаходзіцеся ў сапраўдным мястэчку, якіх так мала застаецца ў нашай краіне.