Мястэчка Шклоў вядома ў гісторыі з 1520 года, а праз 15 год пасля сваіх першых узгадкаў быў спалены ваяводай Шуйскім. За гісторыю горад будзе гарэць яшчэ не раз, і ўсё дзякуючы рускім войскам - 1535, 1563, 1580, 1668. Дарэчы, калісьці існаваў у ХVI-XVIIст. замак з вежамі ды ірвамі, праўда знаходзіўся ён крыху ў іншым месцы, які зараз носіць назву Стары Шклоў. Пасля чарговага пажара ды спусташэння горад быў перанесены на іншае месца.
Больш падрабязна пра знаходжанне старажытнага Шклова можна пачытаць тут
http://wouk.livejournal.com/20353.html Пастаянныя войны з Маскоўскай дзяржавай, спусташэнні ды пажары, а таксама высылка ў Казань “неблаганадзейнай шляхты” за здраду рускаму цару, накладвалі адбітак і на светапоглядзе людзей.
У 1700 годзе, шклоўцы падчас Паўнойчнай вайны выступаюць на баку шведаў, чаго рускае войска не даруе ім і ў чарговы раз у 1708 годзе разбурае мястэчка. Але Шклоў аднаўляецца, будуюцца новыя дамы і ў 1762 годзе горад атрымлівае Магдэбургскае права, а з ім і дзеючы герб. У городзе будуецца ратуша, праводзяцца штогадовыя кірмашы, якія адбываюцца два разы на год па тры тыдні кожны.
За перыяд існавання Шклова ў межах ВКЛ ім валодалі Гаштальды, Хадкевічы, Сяніўскія і Чартарыйскія. У апошніх мястэчка канфіскавалі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1773 годзе. На некаторы час, горад становіцца ўладаннем князя Пацёмкіна, але не надоўга, ўжо ў 1778 быў падораны Кацярынай ІІ свайму фаварыту генерал-лейтэнанту Сямёну Зорычы. Дарэчы ў маёнтку Зорыча адбылася сустрэча аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ і Кацярыны ІІ ў 1780 годзе дзе абмяркоўваліся далейшыя планы па падзелу Рэчы Паспалітай.
Зорыч будуе ў Шклове вучыльню для шляхетных дзяцей. У 1799 годзе ў будынку вучэльні здараецца пажар, пасля якога яно было вераведзена ў Гародню, затым у Смаленск і пасляў Маскву, дзе атрымаў назву “Першы кадэцкі корпус”. Таксама ў горадзе з’явіўся тэатр ды друкарня. І не проста друкарня, а друкарня па выпуску фальшывых расійскіх грошаў. Гэта пытанне таксама падымала Кацярынка ІІ падчас свайго прыезда, чым размова скончылася не вядома, але пасля ад’езда друкарскі станок у Шклове больш не запускаўся. Палац дзе жыў каханак імператрыцы не захаваўся да нашых дзён, як не захавалася і месца пахавання Зорыча ў Шклове.
У 2007 годзе, шклоўцы паставілі помнік Сямёну Зорычу ў гарадскім парку.
Пасля смерці С.Зорыча горад быў узяты пад апеку імператрыцай Марыяй Фёдараўнай, а непасрэдным апекуном становіцца Г.Р.Дзяржавін. Напрыканцы ХІХ ст. у Шклоў пераяджае А.К.Крывашэін, былы міністр шляхоў зносін, які ў 1898 годзе заснаваў тут кардонную фабрыку, якая з 1908 года становіцца папераробнай.
З гістарычных помнікаў сучаснага Шклова вядома абавязкова трэба паглядзець на Ратушу. Будуецца ў ХVIII ст. пасля надання гораду Магдэбурскага права.
Была моцна пашкоджана падчас Другой сусветнай вайны. Пасля вайны цэгла з гандлёвых радоў ратушы пайшла на будаўніцтва дамоў, а галоўны будынак стаяў у занядбаным стане пакуль у 1999 годзе было вырашана да рэспубліканскіх Дажынак 2000 года правесці поўную рэканструкцыю. З 2000 года ў будынку месціцца школа.
У будынку школы дзейнічае музей, а адказная за яго настаўніца на выходныя пакідае ключ на вахце, каб турысты маглі азнаёміцца з гісторыяй ратушы. Нажаль падчас нашага наведвання ключа на вахне не было і нам ласкава дазволілі паблукаць толькі па калідорах школы.
Недалёк ад Ратушы месціцца Спаса-Прэабражэнская царква, пабудаваная ў горадзе ў пачатку ХХ ст. хаця пачыналася будаўніцтва яе яшчэ пры Зорычы. Адрас калі ўсё ж такі не знойдзеце царкву вуліца Савецкая 57, але абмінуць яе не магчыма.
Праз дарогу ад царквы размешчаны Мемарыяльны комплекс “Памяць”.
За аснову быў узяты помнік войну-вызваліцелю, які і да гэтага стаяў у Шклове, але перад Дажынкамі перароблены і дапрацаваны. Зараз вакол салдата размешчаны мармуровыя пліты з імёнамі 8000 палеглых жыхароў раёна ў гады Другой сусветнай вайны.
Фігуру салдата замянілі на яго копію, толькі з бронзы. У апошнія гады была дапрацавана і тыльная сцяна мемарыяла. Тут з’явілася мапа.
Касцёл св. Пятра і Паўла (1849). Размешчаны на вуліцы Леніна 126. Нажаль мы фота не зрабілі, таму з globus.tut.by . У рэаліі стан касцёла і афарбоўка за гэты час не змяніліся.
У2007 годзе быў зроблены рамонт цэнтральных вуліц горада, а таксама каля Дома культуры з’явіўся вось такі помнік - Шклоўскаму агурку.
Ён атрымаўся ў мясцовых таўсценькім інтэлегентам з грашыма ў кішені.
Вядома помніку адразу прыпісалі паданні - што трэба пацерці грошы для фінансавага дабрабыту, а тыя хто звязаны непасрэдна з агурковым бізнесам на шчасце націраюць агуркі ў кошыку :-).
Яшчэ адзін помнік, які да нас захаваўся, але ў непазнавальным выглядзе - сінагога.
Будынак знаходзіцца на вуліцы Дзікуна 99. Лічыцца, што сінагога заснавана была яшчэ ў XVII ст. Па перапісу на канец ХІХ ст у горадзе жыло 11 000 габрэяў, 2 800 праваслаўных і 33 католіка.
Да 2004 года, горад меў яшчэ адзін гістарычны будынак - сядзібу Апалона Крывашэіна, таго самага, што на прыканцы ХІХ ст. набыў горад. Сядзіба была аднапавярховая ды драўляная, пакоі былі аформлены ў рускім стылі. Сцены абклеены моднымі на той час тканымі шпалерамі. Разам з драўлянай сядзібай быў разбіт і парк, які ў савецкія часы быў моцна перароблены з-за будаўнцтва на яго тэрыторыі папяровай фабрыкі “Спартак”.
Планаваннем парка займаўся мастак С.Маліноўскі, жыхар вёскі Уланава, атрымаў адукацыю ў Варшаве і вярнуўшыся на радзіму займаўся паркавым ланшафтам. Асноўную частку дрэваў, якія былі высаджаны алеямі каля сядзібы складалі - таполі, ліпы ды клёны. У парку былі таксама высаджаны дрэвы і па сектарам. Так на поўначы парка быў створаны хвойны сектар, а на поўдні парка шыкоўны бэзавы ансабль ў якім асноўная перавага аддавалася бэзу белага і бэзавага колеру. Існавана і бярозавая частка парка, якая была вырублена ў гады Другой сусветнай вайны, на месцы тэрыторыі якая была раней адведзена пад агарод быў пабудаваны стадыён. І увогуле з 20 га ранейшай тэрыторыі ў сучаснасці парк займае 8 га.
У пасляваенныя гады ў будынку сядзібы размяшчаўся клуб “Чырвоны Кастрычнік”, затым бібліятэка, працавалі гурткі. У 2004 годзе адбылося кароткае замыканне і сядзіба згарэла. Нажаль вастанавіць яе не магчыма. Пасля таго як сядзіба згарэла ў парку пачалі адбывацца цікавыя рэчы. Ноччу можна пачуць стрэлы з пісталета і пабачыць жанчыну ў пышнай парванай сукенцы, якая бяжыць па парку ў пошуках дома. Не верыце? Ёсць магчымасць праверыць - трэба толькі не спужацца і застацца ў парку ноччу. :-)
З ХІХ ст. у городзе можна знайсці таксама будынак папяровай фабрыкі, які месціцца на вуліцы Фабрычнай і быў пабудаваны ў 1898 годзе ў стылі мадэрн.
Да 200-годдзя руска-французскай вайны 1812 года ў горадзе быў пастаўлены помнік афіцэру грэнадзёрскай роты Ізмайлаўскага палка.
Вышыня афіцэра 2,5 метра і шклоўцы лічаць, што ён можа стаць яшчэ адным сімбалем горада. Спадзяюся, гэта жарт, які не стане рэальнасцю.
P.S. Беларусы не адзіныя, хто вырашыў паставіць помнік агурку. Асноўная колькасць помнікаў гэтай агародніне месціцца ў суседніх нам краінах.
Нежын (Украіна). “Нежынскі кансервны завод” прафінансаваў з’яўленне ў горадзе бочкі з агурком.
Лукавіцы(Расія). Гарадок які забяспечвае Маскву і Маскоўскую вобласць агуркамі, таксама вырашыў паставіць помнік свайму кармільцу. На помніку так і напісана “Агурку-кармільцу ад удзячных лукаўчан”.
Чаркасы (Расія). Яшчэ адзін помнік агурку ў Расіі з’явіўся ў 2005 годзе. Але відаць усё ж такі ён адрозніцваецца ад іншых помнікаў сваім цяплічным выглядам.
Стары Аскол (Расія). Арыгінальны помнік закусцы.
Познань (Польшча). Крэатыўны падыход да салёных.