ЧЭРВЕНЬ (Мінская вобласць)

Aug 07, 2013 08:35

Горад з цёплай летняй назвай знаходзіцца ў 64 км ад Мінска, і калі ваш маршрут ляжыць па Магілёўскай шашы, знайдзіце 30 хвілін каб праехаць і спыніцца ў горадзе, спадзяюся, не пашкадуеце. Сучасны Чэрвень, гэта раённы цэнтр Мінскай вобласці, абавязаны сваёй назве Саветам, якія ў 1923 годзе перайменавалі старажытны горад Ігумен. А між тым, Ігумен узгадваецца ў летапісах з 1387 года, калі Ягайла перадаў свайму брату Скіргайлу ва ўладанне горад Гумен, які месціцца на рэцэ Ігуменка. У 1430 годзе горад мяняе свайго ўладара і на 400 год пераходзіць ва ўладанне Віленскага каталіцкага епіскапства. Усе войны, якія праходзілі праз тэрыторыю нашай краіны за гэты час, краналі і Ігумен, але горад аднаўляўся.



Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Ігумен адыходзіць да Расійскай Імперыі, і царыца раздае землі сваім прыхільнікам. Спачатку горадам валодае генерал-лейтэнант Шэвіч, пры ім ён становіцца ўездным і атрымлівае герб, які выкарыстоўваецца і зараз.
Ігуменцы ўсяляк падтрымліваюць ідэі незалежнасці краіны падчас 1812 года, падчас паўстанняў 1831 і 1863 гадоў. У вайне 1812 года недалёк ад Ігумена браты Манюшка на свае грошы ствараюць уланаўскія палкі. А ў 1863 годзе недалёк ад Ігумена ў вёсцы Багушэвічы збіраецца вялікі атрад паўстанцаў.


У 1846 годзе пачынаецца будаўніцтва турмы на 100 месцаў, да 1941 года турма павялічыцца і войдзе ў гісторыю, месцам дзе растраляюць 5000 зняволеных мінскіх турам. Праз год ужо нямецкія карныя ворганы растраляюць усё габрэйскае насельніцтва горада.

Пры будаўніцтве Любава-Румінскай чыгункі, ветка пралягла ўсяго ў 30 км ад горада і гэта вядома не станоўча адбілася на прамысловасці Ігумена.

У 1899 годзе цэнтральная частка горада атрымала планіроўку, якую мы можам бачыць і зараз, а звязана гэта з сумнай падзеяй - у горадзе здарыўся вялікі пажар. Дамы былі збольшага драўляныя, што дало магчымасць полымю паглынуць амаль увесь горад. Пасля пажару пачынаецца будаўніцтва каменных будынкаў.


У дарэвалюцыйных рэлігійных установах горада значыліся - Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (1800), Сабор Нараджэння Прэсвятой Багародзіцы (1833), сінагога (с.ХІХ ст.) - усе яны былі зруйнаваны ў 1930. І на 70 год, горад застаецца без аніводнага рэлігійнага будынку.


У 1990-я стравараюцца прыходы і ў горадзе пачынаецца будаўніцтва царквы Святога Мікалая


фота з www.globus.tut.by

і касцёла Крыжаўздвіжання (2000-я).


Каля касцёла размешчаны два цудоўных помніка. Першы - кампазітару Станіславу Манюшка (я ўжо распавядала пра яго http://azarkinm.livejournal.com/127969.html)




і другі, драўляны помнік "Маці ігуменні", міфічнай заснавальніцы мястэчка, з крыжом і світкам,


на якім выбіты словы цудоўнага верша Наталлі Арсеньевай “Малітва за Беларусь” напісаны ёй у 1942 годзе.


Акрамя касцёла, будынкаў ХІХ ст, краязнаўчага музея, на цэнтральнай плошчы Свабоды ў Чэрвіне можна знайсці помнік камсамольцам,




помнік загінуўшым падчас Другой сусветнай вайны жыхарам Чэрвеня,


і мясцовы фантан.


А недалёк ад горада размешчана вёска Натальеўск, дзе знаходзіцца яшчэ адзін мемарыял Другой сусветнай вайны.




Сціпла, проста даты... і больш нічога.


Увогуле магу сказаць, што такой канцэтрацыі помнікаў падзеям 1941-1945 гадоў я даўно ўжо не бачыла. Пару помнікаў мы не знялі, бо разлічвалі сфатаграфаваць на адваротным шляху да трасы, але… не атрымалася. Выснова - чарговая прапісная існасць - “ніколі не адкладайце, тое што можна зрабіць зараз”.


Мапа будзе пазней.

Чэрвенскі раён, Мінская вобласць, Вандроўкі Беларусь, Вандроўкі

Previous post Next post
Up