Упершыню мястэчка Вольна (Баранавіцкі раён, раней належыла да Наваградскага павета) ўзгадваецца ў 1571 годзе як уладанне Хадкевічаў. За свой век яно бачыла шмат уладароў - Соф’я Слуцкая, Астафій Валановіч, Камінскія, Дамаслоўскія, Слізені.
У XVII стагоддзі тут будуецца палацава-паркавы комплекс. З 1771 года Вольна і маёнткам валодае Ян Слізень, які пасля яго смерці пераходзіць да сына Рафала, вядомага скульптара і архітэктара. Дзеля гістарычнай справядлівасці вырашыла размесціць тут звесткі пра Рафала, бо ў нэці іх проста няма.
Рафал Ратша СЛІЗЕНЬ (27.06.1803 - 20.05.1881) беларускі медальер, скульптар. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у базыльянскай школе ў мястэчку Вольна (Навагрудскі павет), потым у езуіцкай школе ў Полацку. У 1820 паступіў на факультэт права Віленскага універсітэта, адначасова наведваў Віленскую мастацкую школу, вучыўся ў Я.Рустэма і К.Ельскага. Разам з братам Атонам уваходзіў у арганізацыю філаматаў, створаную віленскімі студэнтамі. З 1824 у Міністэрстве замежных спраў у Пецярбургу. Даведаўшыся пра паўстанне 1830 года вярнуўся на радзіму ў мястэчка Вольна. Дзе застаўся жыць і сабраў багатую мастацкую калекцыю - Ю. Косак, Я. Фалат, М. Семірадскі, І. Рэпін ды інш. Ляпіў медальёны знакамітых асоб - Э. Адынца, Т. Зана, Г. Жавцскага, М. Ромера, Я. Тышкевіча, Я. Чачота і інш. Стварыў бюсты А. Міцкевіча, Я. Астроўскага і М. Антакольскага. Амаль усе яны былі паплечнікамі па арганізацыі філаматы і іх ён ведаў асабіста. Томаш Зан быў закаханы ў яго сястру Зосю, з ім ён здымаў кватэру ў Вільні падчас навучання. А Ян Чачот, пасля вяртання з высылкі некаторы час гасцяваў у Вольна. Асноўная калекцыя медальёнаў і бюстаў Рафала знаходзілася ў палацы Тышкевіча (таксама філамата) ў Лагойску.
(асноўны тэкст гэтай інфармацыі быў узяты ў Беларускай Гістарычнай Энцыклапедыі, Т.6)
Палац быў закладзены пры ўладанні Вольна яшчэ Камінскімі, як аднапавярховы будынак у стылі мадэрн, але Слізені перарабілі яго ў гатычным стылі. Складана распавядаць пра палац, які не захаваўся, а знайсці яго фатаздымкі таксама праца не з лёгкіх. У сваіх пошуках, я знайшла толькі адзін.
Можаце ўявіць, што да аднапавярховага палаца былі дададзены бакавыя крылы, і ў выніку палац стаў нагадваць падкову.
Палац быў зруйнаваны ў гады Другой сусветнай вайны. А на яго месцы, быў пабудаваны клуб, дзе ў 80-я гады ХХ стагоддзя вольнаўцы былі першымі гледачамі фільма “Знак бяды” па аповесці В. Быкава які зняў М. Пташук (але аб гэтым крыху ніжэй). Пры пабудове абеліска войнам, якія загінулі падчас вайны быў поўнасцю парушаны прынцып паркавага будаўніцтва, а тым больш парушала прынцы дарога, якая праходзіць у непасрэднай блізасці ад месца дзе размяшчаўся палац.
Калі нехта скажа вам, што гэта палац Слізеняў не верце, гэта лухта паўнейшая.
Да палацавага комплеку адносіцца і вось гэты стары будынак, які пазней быў абнесены цэглай. Відавочна, што да апошняга часу тут месцілася стайня.
Адзінае месца, якое памятае сваіх былых гаспадароў гэта Вольнаўскі парк, дзе собраны ліственныя дрэвы амаль з усяго свету.
Да архітэктурных помнікаў Вольна адносіцца Троіцкая царква, якая была закладзена ў 1632 годзе як базыльянскі манастыр Святой Троіцы і быў пабудаваны з дрэва.
А вось у 1768 годзе па распараджэнню Міхася Дамыслоўскага, тагачаснага ўладара Вольна, старая царква была знесена, а новыя муры былі ўзведзены з цэглы. Асаблівасцю храма з’яўляецца ваенныя атрыбуты на яго фасадзе, хто яго ведае, можа гэты барэльеф рабіў сам Рафал Слізень у знак падтрымкі паўстання 1830-31 гг.
Пасля паўстання 1830-31 гадоў касцёл зачынілі. У 1840 кляштар скасаваны і сюды пераведзены з Навагрудку жаночы манастыр.
З 1895 года пасля капітальнага рамонту сцены храма былі асвечаны як праваслаўная Царква Святой Троіцы, якая тут размяшчаецца і зараз.
P.S. З Берасцейскай вобласці паходзіць вядомы беларускі рэжысёр Міхась Пташук, які дзве свае стужкі зняў на радзіме - “Вазьму твой боль” і “Знак бяды”. Апошні быў зняты на хутары недалёк ад Вольна. І ўявіце сабе, тэхналогію савецкага кіно - яны спалілі гэты хутар па сапраўднаму. Гаспадары былі ў шоку, казалі што будуць скардзіцца, але пасля ўсё ж такі пагадзіліся. Аргумент быў такі - "спаліць як навучанне іншым, каб не гарэлі больш іншыя хутары". Таму, калі вы бачыце ў савецкіх стужках як гараць драўляныя маёнткі, задумайцеся, ці не сапраўдная гісторыя дагарае ў вас на вачах.
Гэтак нядаўна паглядзела "Дзікае паляванне караля Стаха", ніхто не ведае што за маёнтак гарыць у канцы?
А вось яшчэ адну забудову знайшлі ў такім стане.. хто яго ведае, можа таксама частка, якая памятала былых уладароў.