Будаўнікі і Стаўпеччына

Nov 23, 2023 21:38


Самыя занятыя будаўнікі, напэўна, на Стаўпеччыні. Акурат пачалася зіма і час разгледзіць, што я зрабіў, а што не, дзякуючы будаўнікам.

Гэтак, у сакавіку планавалася:

- зьнесьці старую пуню (done);

- паставіць новую пуню (done);

- зрабіць новую пуню цёплай з дапамогай пенапласта (done);

- пабудаваць штосьці накшталт «гасьцявое хаты» з печай, сонечнымі батарэямі і выкарыстоўваць яе на выпадак зьнікненьня электрычнасьці (памер 5х6, адзен паверх);

- да «для гасьцявое хаты» далучыць каналізацыю і ваду...

Я запрасіў нашых будаўнікоў ад летась. Бо яны някепска мне пабудавалі тэрасу да хаты і каштавала гэта не вартоўна. Будаўнікі разабралі старую пуню, пабудавалі новую пуню. Спыталіся, ці магу я разьлічыцца цалкам. Я, дурань, сказаў «так», даў грошы за ўсю працу, пасьля чаго будаўнікі зьніклі і перасталі браць слухаўку. Аказалася, што новую пуню яны пабудавалі чамусьці разгорнутай 30 стоўпеняў на паўднёвы ўсход, таму сьцежка паўз пуню ідзе крывавата. На пытаньне «а што за хуй», будаўнікі не ўзялі слухаўку.

Далей паўстала ўцяпленьне пуні. Мы з жонкай прагледзелі некалькі відосаў, набылі пенапласт пяцёрку і зрабілі гэта самі, праўда страшна мацюкаючыся. Ну а што рабіць? (Спойлер: вонку -7, у новай пуні +6, зараз будзе склепам да вясны).

На «гасьцявую хату» мы запрашалі яшчэ тры брыгады. Дакладна гэта былі прадстаўнікі «яшчэ трох брыгадаў».



Прадстаўнік першай брыгады сказаў, што «скос (зямлі) трэба прыбраць», паглядзеў на джып зь Менскай рэгістрацыяй і сказаў, што мы робім няхутка, але вельмі дорага і багата. Агучыў кошт - за гэты кошт у Менску можна пад ключ адрапараваць сярэдніх памераў сталінку ў цэнтры ды яшчэ стане на некаторую кухонную тэхніку.

Прадстаўнік другой брыгады паглядзеў эскіз і сказаў, што ў іхняй працы - галоунае эстэтыка. Глянуў на джып зь менскай рэгістрацыяй і сказаў: «Зробім хутка, якасна і піздата. Я вам перазваню.» І зьнік. Праз тры-чатыры дні ўзяў слухаўку і сказаў, што «прыступіць можам у кастрычніку, бо яны вельмі занятыя».

Прадстаўнік трэцяй брыгады проста паглядзеў на мяне і сказаў, што ў наш раён яны ня езьдзяць, калі праект каштуе менш за 100000 даляраў (!). І нават за такія грошы трэба чакаць да верасьня (а вонку быў толькі сакавік).

У кастрычніку ужо чацьвёрты мужык нам зрабіў стэлажы і абшыўку новай пуні і сказаў, што гатовый адтынкаваць яе. Мы вельмі ўзрадваліся, і я падрыхтаваў грошы, якія той спадар агучыў. І... спадар захварэў. А потым прыйшоў лістапад, пайшоў сьнег.

Вось пытаньне. Няўжо сапраўды стаўпецкія будаўнікі такія занятыя ды дорага каштуюць? Ці варта цягнуць будаўнікоў зь іншых рэгіёнаў?

Стаўпечына, Беларусь, Невандроўнае, Будоўля

Previous post Next post
Up