Верш

Jan 01, 2012 02:12

Мой найулюбёнейшы верш вялікае паэткі. Натальля Арсэньнева, "Зачараваны кут".

  • Ой вы, казкі, казкі-чары!
  • Із надзённаьсцяй зударыць
  • вас - і трэскі палятуць!
  • Каб ня вы, ці мала ўбогіх,
  • нехлямяг, у паўдарогі
  • пазрывалі б каліту,
  • завярнулі, не дапялі,
  • патапіліся б у жалі,
  • зьвягай сьцятыя, зьляглі?
  • А пад вашаю атрутай
  • хоць навомірг скінеш путы,
  • ўбачыш казку й на зямлі!
  • Дрэмле багна... На балота
  • ўжо кладзецца пазалота,
  • зырка чыркае ваду -
  • месяц гэта ўзьняў павекі,
  • на бары зірнуў, на рэкі,
  • на дуброваў чараду.
  • Там, дзе згрудзіліся ў змроку
  • вербалоз, трысьцё, асокі,
  • качкі б’юцца на начлег,
  • млын ляжыць, як воз паловы,
  • і вачмі сьляпымі ловіць
  • тую зорку, што сьпялей.
  • Млын - ня млын... Страхі - нізваньня,
  • ветругі зьмялі, ня сяньня
  • учарнеў, прыгнуўся зруб,
  • і даўно здубела кола,
  • ўжо ня сноўдае наўкола,
  • каб надраць на кашу круп.
  • Ды ня сьпяць у сенцах сьцені:
  • ўночы ў поўню хтосьці пеніць
  • пену ў заставе сухім,
  • нехта іскры ў цемры крэсіць
  • і рагоча ў цёмным лесе,
  • насыпаючы мяхі...
  • Ды ня годзе, на заходзе
  • ўлетку, ў лётным карагодзе
  • ймкнуць туды русалкі - піць,
  • а напіўшыся удосыць,
  • чэшуць хмель зялёны косаў,
  • аж, як шоўк той, зарыпіць...
  • Ноч насоўваецца з бору,
  • жабы рыпу ўтораць хорам,
  • гостра тхне багіньне, тхля...
  • I тады вось тамка зводы,
  • здані, страхі з-пад калодаў
  • выпаўзаюць спакваля!
  • Кажаны тапыраць вушы:
  • ці ня рой шуміць дзе мушы,
  • крылаў стрымліваюць гон,
  • совы вухкаюць панура
  • зь вершалінаў дрэваў бурых
  • на загубу, на праклён...
  • Там, апоўначы бяззорнай
  • вадзянік вылазіць чорны,
  • бруха мокрае скрабе
  • і рукой сьлізкой, зялёнай
  • вее жвір на хлеб надзённы
  • вадзянісе і сабе.
  • Там... сам сьлівень, у кароне
  • залатой на сьлізкай скроні
  • з багны, скрут у скрут, паўзе,
  • спорнік зьмеем прамяністым
  • зносіць грошы ды маністы,
  • знае сховы, балазе.
  • Там лясун ідзе у скокі
  • зь лесавіцай крутабокай,
  • векавечны маладзён!
  • Маладзік там ведзьмы сочаць,
  • зельле йрвуць па роснай ночы,
  • чорны, злы, атрутны плен...
  • Ды, калі пявун гарласты
  • прапяе у вёсцы, - шастаць
  • у бары сьціхае ўсё.
  • Ціха зноў... I толькі зоры
  • гладзь балотную сузораць
  • ды калышыцца трысьцё.

1921  Н. Арсеньнева

Вершык, Беларусь, Невандроўнае

Previous post Next post
Up