Пра "Жыве Беларусь!", ці Беларусь не жыве, а памірае..

May 10, 2013 13:24

Памятаеце ў дзяцінстве: "А калі ўсе пойдуць прыгаць з маста і ты за імі пойдзеш"? Дык вось, я пайду.. Таму пару радкоў пра фільм "Жыве Беларусь!".

Не, ну ў цэлым добра, што такое кіно хоць нехта зняў, бо ў самых беларусаў айчыннае кіно асацыіруецца выключна з фільмамі пра вайну і партызанаў, а пасля серыяла "Охота на гауляйтера" напэўна яшчэ і з беларускамоўнымі прастытуткамі. Учора можа з гадзіну чытаў водгукі юзараў у сеціве - прыкладна 50 на 50. Ну гэта не дзіўна, беларусы прывыклі, што нехта "супраць", а нехта другі "за". Ну па-першае, каму гэты фільм спадабаўся, напэўна беларусам якія вучацца ў Вільні ці ў Варшаве, ці якія ўжо адвучыліся і засталіся там "змагацца з рэжымам". У прынцыпе фільм на такіх і разлічаны, бо беларускія калгаснікі і саўгаснікі такія "антыдзяржаўныя фільмы" глядзець не будуць, а калі хто і паглядзіць дык у хуткім часе плюне ў манітор і адлупцуе рэменем сваё дзіцё, малалетняга змагара, каб той больш такія фільмы не глядзеў і нікаму не казаў, што ужо паглядзеў.. Вельмі шмат водгукаў накшталт "у фільме адзін бруд, шэрасць і хлусня". Ну яшчэ забылі напісаць, што ў фільме няма разнакаляровай вясёлкі! А на што вы спадзяваліся, даражэнькія? У рэшце рэшт фільм можна аднесці да фільмаў-алегорый.

Ды ўвогуле, чаму хлусня?: КДБісты не робяць ператрусы?, беларускую мову ніхто не душыць?, мянты не лупяць дубінкамі людзей?

Зараз пра беларускую армію. Значыць так, я сам служыў у войску ў Гародні, акурат у час які паказаны ў фільме - гэта 2009-2010 гг. (бо Ф.Вячорка служыў у гэтыя гады). Таму магу параўноўваць. Скажу адразу, у нас на пляцу бюста Леніна не было! На пляцу не было, а вось на тэрыторыі гарадзенскага ваеннага шпіталя.. быў.
Вось калі ласка. Армія прамыла мне мазгі і вось бычыце з якой любоўю я абдымаю Ільіча!



Галавою ў сарцір "макалі" толькі "шасцёрак" і тых хто займаўся "крысятничеством". Двух хлопцаў якія прымалі прысягу (у тэксце прысягі няма радкоў пра прэзідэнта!!!!) па-беларуску ніхто потым не "макаў" і морды ім не білі. Ну праўды і па-беларуску ў войску яны не размаўлялі. А зампаліт іх любіў, называў "бэнээфаўцамі" (адзін з іх быў чальцом партыі) і па яго загаду яны падымалі на святы на флагштоке дзяржаўны сцяг. Вось такі зампалітаўскі тролінг. Дарэчы адзін з хлопцаў на тэлефоне паказваў мне інтэрнэт-старонку, дзе было напісана, што ён палітычны прызыўнік. Хлопец паказваў і смяяўся.. Калі ""бэнээфаўца" забіраюць у войска, ён аўтаматычна становіцца паліт.прызыўніком.

Вось адзін з, як іх называюць, ці як яны сябе лічаць, палітычных прызыўнікоў Зміцер Жалезнічэнка сказаў, што ўвесь гэты фільм, гэта тэатр аднаго акцёра, Ф.Вячоркі:«Калі Франака забіралі ў войска, ён спадзяваўся, што над ім там будуць здзекавацца. А яшчэ лепш - біць. Доўга, часта, з асалодай. Але ж і ён ім пакажа! Запаліць агонь беларушчыны ў кожным закарэлым салдацкім сэрцы! А грамадзянская супольнасць яго падтрымае і зробіць героем, як павінна была зрабіць ужо даўно. Але чамусьці ягоныя спадзевы ня спраўдзіліся. У войску было проста шэра, аднолькава і ніяк. Войска не выканала пастаўленай перад ім задачы. Таму Франак пакрыўдзіўся і па выхадзе зьняў пра войска фільм. Адпомсціў ім усім за раўнадушша. Бадай, гэта адзінае разумнае тлумачэнне ідэі фільма «Жыве Беларусь!»

Мацюкоў з боку "шакалаў" (так у войску называюць афіцэраў) было шмат, але калі афіцэр усё ж такі па-першае чалавек, а толькі па-другое вайсковец, то мацюкоў ад яго будзе чуваць значна менш. Тое самае тычыцца і прапаршчыкаў. Хаця прапаршчык, гэта не званне, гэта стан душы. Ды яшчэ магу сказаць так - прапаршчыкамі не становяцца, прапаршчыкамі нараджаюцца). Дарэчы п'яны прапар ці афіцэр - гэта гамон! Мой старшыня, калі напіваўся, быў такі дурань, што капец.

Наконт дзедаўшчыны. Ну ў цэлым яна ёсць. Часта ад прапаршчыкаў, якія служылі ў савецкай арміі, можна было пачуць "зараз у вас не армія, а санаторый". Напэўна так і ёсць. Хаця нам расказвалі пра выпадкі ў другіх воінскіх частках, пра той жа Слонім ці пра гарадзенскі "Фолюш". Вось там магло быць як і ў фільме.

Наконт пабораў грошай. Былі паборы, але толькі ў "карантыне", калі духі яшчэ жывуць усе разам і іх пакуль не "перавялі па бараках". Напрыклад у другіх батальёнах былі паборы і пасля "карантына" і прабівалі "ласей" там часцей. Карацей, як пашанцуе, калі твае "дзяды" - гэта выхадцы з вёсак, то ўсё, часцей за ўсё будзе поўны гамон. Хаця былі выпадкі, што "гарадзкія" былі толькі па месцу жыхарства, а душою былі вясковымі саўхознікамі.

Пасля службы ў мяне часта пыталіся, ці мыў я армейскі туалет.. напэўна гэта стаіць на другім месцы армейскіх жахаў прызыўніка пасля дзедаўшчыны. Туалеты ў арміі - гэты вядомыя "очкі". А як вы думаеце, мыў ці не? Канешне мыў. Калі быў некалькі разоў "дневальным" па роце. Браў вядро з вадоў, ліў у "ачко" і цёр швабрай. Ну яшчэ хлоркі можна. Армейскія сарціры часцей за ўсё моюць менавіта так. А не "менавіта так", мылі вышэйзгаданыя "шасцёркі" і "крысы", ці непаслухмяныя духі, дарэчы драілі усё там лязом.

У канцы хачу сказаць, што ў сеціве ёсць водгукі накшталт "я паглядзеў толькі першыя 10-20-30 хвілін і выключыў, такое гаўно не стаў глядзець". Лічу, што такія людзі, якія дарэчы часцей за ўсё пішуць у сеціве выключна па-беларуску (не ведаю як яны размаўляюць у жыцці) і віртуальна вядуць барацьбу з рэжымам, хлусяць! Усе яны паглядзелі кіно ад пачатку і да канца, бо гэта сенсацыя, гэта цікава. Але ж яны не хочуць праславіцца тыповымі змагарамі, для якіх быў зняты гэты фільм, і якія ад захаплення паглядзелі кіно не адзін раз. Таму вось так - "фільм гаўно, стваральнікі фільма дэбілы".

Канешне, калі замежнік будзе глядзець "Жыве Беларусь" ён ад страху пойдзе шукаць на мапе гэту самую Беларусь, ды яшчэ паставіць алоўкам на ёй крыж, каб ніколі ў гэтую Беларусь не ехаць..

Карацей, спадары і таварышы, фільм паглядзіце, проста так. І ўсё роўна, ці глядзіце вы навіны па БТ ці па БелСату.

Кино, Навеяло, фільм "Жыве Беларусь!", Беларускае войска

Previous post Next post
Up