Трэці дзень новага году

Jan 03, 2011 23:36

Сёньняшнюю пагоню за аўтазакам я не забуду ніколі. Гэта проста трылер нейкі!

У першай палове дня зь дзьвярэй Акрэсьціна выпусьцілі 16 чалавек. А далей пачалося абы-што і як заўсёды. Пад'ехаў аўтазак (які, ха-ха, быў заграз у сьнезе і людзі ў форме некаторы час яго адкапвалі), яго напакавалі людзьмі і павезьлі. Мы, як асобы ўжо спрактыкаваныя (у адзін зь дзён масавага выпуску зьняволеных пару аўтазакаў такі ўпусьцілі праз недапрацаваную тактыку паводзінаў), прыклеіліся за ім. Другой машыне, якая паехала сьледам перагарадзілі дарогу і ня далі хады.

Кіроўцы аўтазакаў правілы дарожнага руху не чытаюць, ды свае маюць: на сьветлафоры амаль не зважалі. Людзей выпускалі групкамі: 6, 4, 6 і 6 чалавек. Пачалі адчыняць хлопцам дзьверы на волю каля ст.м. "Пушкінская", скончылі на вул. Адоеўскага. На першым прыпынку (канечне ж, спыняюцца яны ў зоне, не дазволенай для гэтага) з машыны вылецела nia_ja , каб павітаць людзей на волі, раздаць віншавальныя паштоўкі ды інфармацыю пра дапамогу. А мы паімчалі далей, каб не згубіць аўтазак. amfibija , ад твайго бацькі ніводны аўтазак не ўцячэ! :) Як я пасьпявала вылецець з машыны, раздаць ды сказаць усё наступным двум групам, ужо ня памятаю. І гэта пры тым, што яшчэ высьвятляла, ці ёсьць сярод іх іншагароднія, каб дапамагчы тым-сім. Апошніх вызвалілі ўжо пад Сухарава. Такія вясёлыя рабяты! Хацелі мяне на руках вынесьці, калі я ўвязла ў сьнезе па калена, бегучы да іх. Але выблыталася (пасьля пашкадавала, хай бы панасілі на руках такія добрыя хлопцы, да таго ж я ня цяжкая :).

Столькі пазытыву ды добрага настрою я даўна не назірала! Распавядалі з жартамі пра свае акрэсьцінскія будні, распытвалі, хто ім насіў перадачкі, дасылаў паштоўкі і г.д. І не маглі паверыць, што людзі так зарганізаваліся для дапамогі ім. Усіх абнялі і адпусьцілі дахаты (па іх прыехалі машыны). Хаця... ня ўсіх. Пару УАЗікаў выехала бескантрольна (таксама перакрылі дарогу тым, хто гатовы быў даганяць) і 7 чалавек высадзілі ў горадзе ў нікуды. Хочацца спадзявацца, што ўсе былі менскія.

Паводле сьпісаў, якія ў нас былі, сёньня з Акрэсьціна меліся выйсьці на волю 28 чалавек, а выйшлі 45. Простая арытмэтыка: 16 мы сустрэлі ў першай палове для, іх выпусьцілі зь дзьвярэй турмы. У адлоўленым аўтазаку былі 22 чалавекі і 7 чалавек вывезьлі УАЗікамі. Вось такі прыклад розьніцы паміж сьпісамі, што былі вывешаныя на турмах і рэчаіснасьцю. Ніводная турма не дала праўдзівых зьвестак аб затрыманых!

Жодзіна
2 поўных людзьмі аўтобусы (каля 100 чалавек) выправіліся з Жодзіна на Менск блізу 15-й гадзіны. Адзін удалося сустрэць каля ст.м. "Уручча". А за другім не пасьпелі ўгнацца. Шкада :(

Скарыны, 20
Усіх дзяўчын (6 чалавек) вызвалілі каля 22:30. Гэта, напэўна, упершыню, калі выпускалі паводле пратаколаў затрыманьня. Сваякі, сябры - некалькі дзясяткаў чалавек - чакалі сваіх прыгажунь пачынаючы з абеду. Мой дарагі фрэнд smatrycenka , мабыць, яшчэ напіша пра гэтую сустрэчу.

Сёньня ў ва мне любові да людзей нашмат болей, чым нянавісьці самі ведаеце да каго. І ўдзячнасьці. Кіроўцам, валянтэрам, тым, хто падтрымлівае хаця б словамі. Так шмат добрых чалавекаў вакол! Хлопцы, якіх не ўдалося сустрэць, прабачце! Прыходзьце на Машэрава, 8, тэлефануйце 2845012 (гарадзкі), заходзьце на гарбатку.

4-га СТУДЗЕНЯ на волю выходзіць адна дзяўчына са Скарыны, 20, чалавек з Акрэсьціна (магчыма некалькі) і каля 20-ці з Жодзінскай турмы. Жодзінскіх трэба сустракаць у раёне м. "Уручча". Хто гатовы дапамагчы машынамі, адтэлефаноўвайцеся.
Previous post Next post
Up