атрута

Apr 07, 2008 20:24

***
Прачытаў у Жуля Рэнара, што ўсе жывёлы гавораць, апроч гаворачага папугая, і згадаў, як летась у краме “Мара батаніка” сярод кветак і экзатычнай расліннасці выставілі клеткі з вялікімі шэрымі папугаямі. Не на продаж, а як тлумачылі прадаўшчыцы, проста так, папрасіў знаёмы.
Дзюбатыя, з добрых гракоў, папугаі сядзелі ў драцяных клетках па прыцемненых кутках крамы і шчабяталі на розны лад. Адзін быў гаваркі і вясёлы, траскатаў нешта падобнае да чалавечай мовы. Другі ў адказ толькі крактаў і падсвістваў па-птушынаму.
Той папугай, што гаварыў па-чалавечы хутка захварэў, абадраў з сябе ўсе пёркі, і сядзеў паўголы, кволы і сумны.
--Дзеці нечым накармілі, прыходзяць у краму і кормяць папугаяў цукеркамі і жвачкаю, -- скардзіліся прадаўшчыцы.
А мне чамусьці падалося, што ён атруціўся чалавечаю моваю.

нататка

Previous post Next post
Up