Sep 24, 2013 10:29
***
Днямі адзін Чорт, ну не чорт, а так, падсвінак, вядзьмак Лысагорскі з Узгор’я 2, выпіваў бальзамчык каля ўніверсама Цэнтральны ў Мінску і расказваў байку пра стол гаўляйтара Вільгельма Кубэ.
Гісторыя тая цалкам праўдзівая, заснаваная на рэальных фактах, ёсць жывыя сведкі, і пэўныя людзі могуць пацвердзіць, што з большага гэтак усё і было.
Ды я сам на свае вочы бачыў той стол гаўляйтара ў сутарэннях Дома літаратараў на Фрунзе 5.
Чорт пераконваў, нібыта стол генеральнага камісара Беларусі гаўляйтара Вільгельма Кубэ абцягнуты чалавечаю скураю, інкруставаны залатымі зубнымі карункамі, а ў шуфлядках можна наскрэбці бурштынавага пылу -- след пушкінскага бурштынавага пакою. Адразу абвергну, гэта ўсё няпраўда, гэта брахня.
На сам рэч стол гаўляйтара бездакорна сціплы, мадэрновы, выкананы ў стылістыцы Баўхаўза. Застаўся стол у спадчыну новым гаспадарам разам з будынкам на вуліцы Энгельса, поруч з рэзідэнцыяй, дзе у час вайны месціўся сам гаўляйтар, і дзе быў паспяхова забіты.
Пасля вайны мінскі дом гаўляйтара разам з мэбляю аддалі па прызначэнню -- Саюзу пісьменнікаў БССР. Верагодна за сталом тым не раз сядзелі выбітныя савецкія паэты і Броўка, і Глебка, і Танк з Шамякінымі, а можа і сам вярхоўны генерал Чэ... ён тады яшчэ ў палкоўніках хадзіў.
Пазней, у 70-я, будынак на Энгельса ўзарвалі, муляў Машэраву, і пераехалі пісьменнікі ў новы Дом літаратара. Там набылі новую мэблю, таксама гэдээраўскую, а юзаная гаўляйтарская апынулася ў сутарэннях пад бібліятэкаю.
Далей, мажліва, інжынер дома літаратараў Максім, з парабкам электрыкам Сцяпанам, ці можа бібліятэкарка Панчанка, а можа сам старшыня... тут не скажу дакладна хто, але ж нехта са сваіх вывез стол гаўляйтара на Лысаю гару, на пісьменніцкія лецішча. Верагодна, на лецішча да майстра прыгодніцкай аповесці, чалавека з выкрутасамі, Караткевіча.
Нядаўна пра той стол дазналіся два беларускіх нацыяналіста фашыстоўскай знешнасці, ( і між іншым, на палову грамадзяне Ізраіля). Вырашылі яны стол забраць і зладзіць у Мінску які шабаш паганскі кшталту імпрэзы з хэпінінгам.
Паехалі хлопцы па стол, але заблукалі на балоце, заехалі замест Узгор’я 2 на Забор’е 3. Напіліся самагону старадарожскага, паблыталі лецішча і замест стала Кубэ, узялі стол Караткевіча.
Чорт паблытаў.
Такая праўдзівая гісторыя.
казка,
дакумент,
беларускі каляндар,
беларусь,
дзённік