татуіроўка

Aug 24, 2008 21:47

***
Ён вырашыў зрабіць вялікую татуіроўку на спіне. Яму было гадоў дваццаць, ён жыў адзін у маленькім задушлівым пакойчыку студэнцкага інтэрнату. Нечакана малюнак татуіроўкі прыйшоў да яго ў сне, як рэалістычны вобраз, быццам гэта быў і ня сон, а паўзабыццё. Ён прысніў сябе з птушынымі блакітна-сівымі крыламі. Ён прачнуўся сярод ночы і да раніцы маляваў чорным фламастэрам накіды крылаў. Ў той жа дзень ён завітаў у салон Тату. Майстрыца татуіроўшчыца - фарбаваная бландзінка з маленькімі коса пасаджанымі вочкамі прапанавала выбраць малюнак з альбому, яна расказвала, што па шаблонах атрымліваецца лепей за саматужныя эскізныя малюнкі, але ён паказваў свае аркушы з малюнкам і прымушаў майстрыцу маляваць менавіта крылы з ягонага сну.
-- Нельга рабіць татуіроўкі, што прыходзяць у снах. Кепская і небяспечная справа! Сон вернецца і забярэ сваё! -- палохала касавокая майстрыца, але ён нічога не хацеў слухаць, настойваў, прасіў і нарэшце спакусіў татуіроўшчыцу грашыма.
Майстрыца крыва ўсміхнулася, ад чаго яе вочкі ператварыліся ў чорныя дзірачкі, узяла грошы, утрая болей чым тое каштуе, і пагадзілася давесці ягоныя накіды да татуіроўкі. За вечар татуіроўшчыца выбіла вялікі тлусты контур крылаў і месцамі прамалявала сівыя пёркі. Скура на спіне ўспухла і запалілася. Спаць давялося на жываце, плечы гарэлі агнём і люта, нясцерпна часаліся.
Ізноў сярод ночы ён прачнуўся, як у паўзабыцці. Ён ляжаў на спіне і больш не адчувае болю, быццам у імгненне адпусціла пякучка, ён ляжаў у цемры і густой цішыні, як раптам пачуў лёгкія крокі, нават не пачуў, а здагадаўся, што нехта бязгучна рухаецца ў пакоі. Крокі чуліся зусім слаба, як сполах ветру. Ён прыўзняўся, прысеў на ложку і ў святле поўні разгледзеў сваю татуіроўку. Яна асобна ад ягонага цела чорным абрысам плыла над падлогаю. Ён хацеў запаліць святло, але лямпачка пстрыкнула і перагарэла, а татуіроўка лёгкім узмахам крылаў слізганула па сцяне, як цень фіранкі і вылецела ў вакно. Ён пабег да люстэрка, хацеў глянуць, што ж у яго засталося на спіне, і з усяе моцы крутануў голаў, каб зазірнуць за плечы. Ды так неасцярожна, а верагодна, ён і не адчуўшы болю, -- ягоныя шыйныя пазванкі перакруціліся і хрумстнулі. Шыя зламалася і голаў безжыццёва, як пляцак, ўпаў за плечы. Апошняе, што ён убачыў -- у чорным люстэрку адбіваўся пусты чорны пакой, адно за вакном у ледзяным месячным святле мільганулі, як сон ягоныя чорныя птушыныя крылы.

чорная казка

Previous post Next post
Up