У маёй маці ёсць пару гісторый " як становяцца вернікамі". Яны не мае, каб распавядаць, але ў некалькіх словах, гэта - калі ногі цябе прыносяць у адпаведнае месца, неверагодны збег абставін, прыродныя з'явы і неперадавальнае захапленне-замілаванне гэтым момантам. Дык вось, у мяне цяпер ёсць свая версія гэтай гісторыі.
Я нават не ведаю, з чаго пачаць, бо ўсё складваецца з маленькіх кавалачкаў пазла, рашэнняў, якія я нібы не прымала. Пэўна, толькі квіток на канцэрт 18 снежня я набыла загаддзя. Збіралася на дзень туды-сюды скатацца ў Кардыф, крыху парадаваць сябе, каб не так самотна было на святы. І ніяк пашыраць гэтую праграму я не збіралася. Але ратам Алесь у фб запрасіў на адкрыццё беларускай царквы ў Лондане 17 снежня - вялізарнае мерапрыемства для дыяспары ды і наогул усіх беларусаў. І Таня, якая з'язджала акурат 17, хацела б асабіста мне перадаць ключы ў Лондане... Неяк машынальна я ведала, што трэба заехаць, хоць арганізм упіраўся.
Выкінуўшы папяоэднія квіткі, узамен я атрымала 1000 эмоцый. Па-першае, драўляная беларуская царква - гэта сапраўданя эстэтычная асалода ад архітэктурнага праекту. Традыцыі і сучаснасць. Мадэрновае памяшканне з бясконцымі крынцамі святла, якое адразу пачуваеш нечым такім сваім і блізкім. І людзі, канешне, якіх варта сустрэць. Прыязная служба пры поўнай царкве народу. Беларускія, ангельскія, украінскія прамовы святароў, беларускія харалы-малітвы, словы якіх я аднекуль ведала. Потым экскурсія па музеі і бібліятэцы імя Францыска Скарыны. Шмат пачуццяў, але галоўнае - годнасці і гонару быць часткай такой вялікай культуры! І мне, канешне, хацелася неяк дапамагчы гэтай справе.
Лепшае, што я магла зрабіць - запосціць у сацыяльныя свае сеткі фатаздымкі і ўражанні. Але тут мяне напаткала няўдача з тэгамі. І я вельмі перажывала, думала, пасля паездкі ў Кардыф, калі дабяруся да кампутара, узламаю гэтую сістэму і папраўлю ўсё. Але, пэўна, добрыя памкненні і думкі таксама адгукаюцца, бо, спадзяюся, атрымалася зрабіць іншы ўнёсак у распаўсюд інфармацыі пра царкву. Што прыводзіць мяне да канцэрту.
І, як майстар суспензу, спачатку музычны складнік. Ні для каго з маіх сяброў не сакрэт (прынамсі, я так меркавала да сённяшняга запампоўвання відэа ў фб), што я вялікі фанат KoЯn. Таму не дзіўным было вырашэнне падарыць сабе любімай квіток на іх выступ у межах тура па Вялікабрытаніі, тым больш што ў іх нядаўна выйшаў афігенны альбом (вы чулі гэтыя драмз?!) і выступаць яны меліся ў кампаніі Limp Bizkit. Абодва гурты я ўжо мела шанец пабачыць дома, у Беларусі, але тут быў зусім іншы вопыт. Першае вялікае адрозненне - бары і кропкі продажу мерчу вакол усяго танцпляцу. Натоўп спакойна бавіў час перад выступам за келішкам ці куфлікам выбранага напою, а не прэсаваўся да сцэны ў чаканні пачатку. Пэўна, з гэтае прычыны слэм жорсткі толькі ў некалькіх кропках, а так, збольшага, можна абсалютна спакойна праціснуцца бліжэй да сцэны і зняць відэа ці зрабіць фатаздымкі. Таксама адчувалася адсутнасць моўнага бар’еру, у нас мала хто ведае тэксты песень, іншых за Blind ці Take a look around. Але шоў ёсць шоў, і я была ў захапленні. Можа, не так Limp Bizkit, на мой погляд, зашмат дыму, хоць і мікс быў харошы. Але Korn былі на вышыні. JD такі коцік! Рэй з яго “акрабатычнымі” нумарамі на барабанах. Нават Філдзі пастаянна перамяшчаўся па сцэне і ўсміхаўся, пазіруючы фанатам. Я можа не так наскакалася, як мінулым разам, але нааралася дакладней больш.
Па заканчэнні канцэрту пачаўся шэраг маленькіх дзіўных падзей. Спачатку ў чарзе за курткай я пазнаёмілася з нейкім чуваком, які адразу правільна прадыктаваў літаральнае напісанне майго імя. Такога не бывала ніколі! Потым працаўнікі арэны скіравалі мяне ў супрацьлеглае крыло. І спускалася да выхаду я па іншай лесвіцы, якая прывяла мяне нечакана да Хэда! Я ведала, што ён часта сустракаецца з фанатамі, каб распавесці сваю гісторыю, як вера ў Бога яму дапамагла пазбавіцца ад залежнасцяў, пераасэнсаваць сваё жыццё і стаць больш шчаслівым. Таксама ён можа памаліцца разам з імі ці выслухаць. Я не маю аніякай ідэі, якім чынам людзі трапляюць у гэты асяродак. Пэўна, па запрашэнням ці адмысловым квіткам. Я патрапіла, збочыўшы на не тую лесвіцу, а, можа, і тую. Першая думка, пасля таго, як да мяне дайшло, дзе я і хто побач, была: пэўна, варта ціхенечка сыйсці, я сапраўды не мусіла там аказацца. Але зрушыцца з месца, ці дакладней, зразумець, дзе выхад, я не змагла.
Вельмі прыемна, калі зоркі на самой справе аказваюцца такімі добрыі і шчырымі людзьмі. Я стаяла і глядзела, як гітарыст Korn вітаўся з кожным, знаёміўся, пытаўся, адкуль і чаму яны тут, раздаваў медыятары і рабіў сэлфі. Перакананая, што я на сэлфі не маю права, адзіная ідэя, якая падштурхнула мяне ўсёж падыйсці да яго ў самым канцы - распавесці пра беларускую царкву, ад якой я яшчэ была пад уражаннем, і папрасіць перадаць прывітанне. І ён пагадзіўся! Больш за тое некалькі разоў перапытваўся, ці так ён вымаўляе Belarusian, бо хацеў усё зрабіць правільна! Тут у мяне ўзнік іншы страх, а раптам відэа не захаваецца ці я ўраню тэлефон. Таму, за вертыкальнасць і агульную якасць выбачайце. Для мяне адное знаёмства (дарэчы, таксама з How do you spell it? V_I_E_R_A?) - ўжо замнога. Але, спадзяюся, атрымалася парадаваць не толькі сябе.
Click to view
Прынамсі, запіс на свабодзе - гэта ўжо нешта =)
http://www.svaboda.org/a/28187133.html