Калі ў вас няма магчымасьці паехаць далёка-далёка, але душа просіць вандровак, стомлены розум -спакою ці наадварот - актыўнага адпачынку, то вам самы час завітаць у Друскінінкай.
Так здарылася, што ўжо другі год запар мы выбіраемся у Друскінінкай напярэдадні майскіх сьвятаў. Яшчэ не так шмат турыстаў, але ўжо цёпла, паўсюль снуюць ровары і кавярні гасьцінна адкрылі летнія тэрасы.
Пра ровары. У нашай сям’і ўсе прыхіліньнікі, а некаторыя нават - проста фанаты гэтага спосабу актыўнага адпачынку. І таму першае, што мы робім па прыездзе - гэта ідзем на Vilniaus aleja, 8, дзе - на мой сьціплы погляд - знаходзіцца лепшы пункт пракату ровараў у гэтым горадзе.
Карацей - бяром ровары - і на азёры!
Ня ведаю, каму як, а мне падабалася сесьці( і нават легчы) на прагрэты сонцам драўляны пірс і глядзець на ўсю гэтую водную прыгажосьць праз напаўзаплюшчаныя вочы. І адчуваць, што шчасьце -гэта так проста… Трэба проста спыніцца, затрымацца і глыбока ўздыхнуць. І час, спаймаўшы твой настрой, пачынае бегчы марудней, хьвілінкі, як матылі, садзяцца кветкі, каб адпачыць і даць адпачыць табе…
Галоўнай турыстычнай славутасьцю Друскінінкая лічацца яго СПА, але па папулярнасьці друскінінкайскі аквапарк не саступае ім. Галоўная яго адметнасьць -гэта бані і наяўнасьць вельмі камфортнай дзіцячай зоны. Для маленькіх дзяцей там проста шыкоўна! Свае горачкі, цёплы “вадаём” і нават пяшчаны бераг)))
Але для нас галоўнай забавай ў гэты раз стаў ONE nuotykiu parkas!
Гэта парк вяроўкавых атракцыёнаў. Апісваць безсэнсоўна - гэта трэба бачыць!
Для дзяцей існуе сьпецыяльная дзіцячая траса. Дзеці -гэта ўсе тыя, чый рост менш за 145 см (на касе ёсьць растамер). Калі вашае дзіця вышэйшае, то яно можа ісьці на дарослыя трасы(не на ўсе, канечне). На якую трасу вы адправіце свайго амаль падлетка - вашая справа.
Для дзяцей існуе 3 трасы. Белая - самая простая, на ёй дзіця атрымоўвае патрэбныя яму навыкі пад кіраўніцтвам інструктара. Жоўтая - ужо значна больш працяглая і складаная. Аранжавая - яшчэ больш мудрагелістая)))
Канечне, кожны апранае страховачны пояс. Дарослым яшчэ выдаюць пальчаткі.
Самыя маленькія могуць палазіць па лабірынту з сеткі.
Трасы для дарослых наўпрост захопліваюць подых. Я баязліўка, таму проста глядзела зьнізу.
Яшчэ існуе такая паслуга, я к палет на тросе пра Неман.
Калі вам сьпякотна, ці вы проста прыхільнік горных лыжаў, то вам абавязкова патрэбна завітаць у Snow Arena. Маіх жа дзяцей зацікавіла інфармацыя пра вялікі дзіцячы лабірынт, які месьціцца ў гэтай самай Snow Arena. Лабірынт чакае дзяцей ва ўзросьце з 3 да 12 год. Дарослыя, каб прайсьці разам зь дзецьмі за турнікеты, плоцяць 10 літ, але гэтыя грошы (вам выдадуць картку чырвонага колеру) можна патраціць у рэстарацыі побач з лабірынтам. Дарэчы рэстаран танны і гатуюць там смачна.
А яшчэ па Друскінінкаі прыемна проста шпацыраваць. Уздоўж Нёмана, ці па парках, завісаючы ля дзіцячых пляцовак, ці каля фантана. Фантан, дарэчы - гэта цэнтр гарадзкога жыцьця. Удзень ён некалькі разоў у гадзіну радуе наведвальнікаў водным шоў пад музыку, а ўвечары да ўсяго гэтага далучаецца падсьветка і відовішча становіцца вельмі прыгожым!
Я жадаю вам ўсім адкрыць свой Друскінінкай - спакойны, поўны птушак, сонца, ласкавага ветра. Зачаравацца яго люстэркавымі азёрамі, у якія так любяць глядзецца Гарадзкі музэй і Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Праехацца па яго сьцежках, шляхах і сьцяжыначках. Выпіць кавы ў выкшталцонай французскай boulangerie ці харызматычным Coffee inn. І папасьць пад хараство гэтага горада, у які абавязкова трэба вярнуцца. Не забудзьцеся кінуць манетку ў Нёман)))))