Mar 18, 2014 20:28
Настойваць на інтэрв’ю з чалавекам, які не любіць даваць інтэрв’ю - марная справа: выкаціць гарбуза!
Чым большая твая настойлівасць, тым мацнейшая непрыязь твайго патэнцыяльнага героя да нахалюг-журналістаў. Пачынаеш шукаць таемныя шляхі і сакрэтныя сцежкі, падбірацца праз знаёмых і сваякоў - дарэмна: крэпасць надзейна трымае аблогу і не здаецца.
Так я падбіралася да Вінцэся Мудрова, адмысловага пісьменніка, дысідэнта-сямідзесятніка, і, між іншым, журналіста.
«Ну як, дамовіліся з Мудровым?» - з патаемнай усмешкай пыталіся ў мяне больш дасведчаныя старэйшыя таварышы.
Не, не дамовілася.
Але ж пагаманіць з дзядзькам Вінцэсем карцела.
Таму я накіравалася ў знакамітую кнігарню «Логвінаў», падыйшла да палічкі, якая прытулілася якраз леваруч ад уваходу, зняла з яезборнік апавяданняў Мудрова «Багун» - і на першай жа старонцы, спыніўшыся ў захапленні,запыталася ў аўтара:
Адкуль такая сакавітая мова, спадар Вінцэсь?
Не, сапраўды - адкуль? У мову Мудрова ўступаеш, як у дзвінскую ваду ў ліпеньскую спёку. Крок, другі, трэці - і проста плыві, успамінаючы тыя часы ажно да свайго нараджэння, калі мова была тваёй. На трэцім радку ты раптам адчуваеш, что па-беларуску размаўляе свет вакол цябе, і ты ўжо не разумееш, як гэта яшчэ ўчора «прастакутнік» ты абражаў «прямоугольником», а замест ёмкага «ўадначас» чамусьці выкарыстоўваў «и в ту же минуту».
Гэта не арнаментальная, складаная, знарок перанасычаная дыялектамі і паланізмамі «новая» мова, гэта не бляклая наркамаўка з хрэстаматый белліт, гэта той стан сучаснай еўрапейскай мовы, калі на ёй безумоўна ствараецца годная літаратура.
Вы ў роспачы наконт беларушчыны? Чытайце Мудрова. Беларуская мова жыве, і ў гэтым зборніку - не горш за іншыя знаныя мовы.
Кажуць, менавіта калі васемнаццацігадовы хлопец, сын рускага вайскоўца Мудрова, знайшоў недзе зборнік вершаў Багдановіча, і пачаўся ягоны асабісты шлях да мовы.
Потым быў літаратурна-мастацкі рукапісны альманах «Блакітны ліхтар», які Мудроў выдаваў разам з аднадумцамі (кожны з 15 нумароў «самаробнага” часопіса зачытвалі да дзірак полацкія, наваполацкія, віцебскія і нават менскія беларусы).
Пазней - патаемнае распаўсюджванне беларускай адраджэнскай літаратуры. Потым - праца на Радыё Свабода. І, нарэшце, літаратура.
Канешне, было нешта яшчэ - тое, аб чым не пішуць у Вікіпедыях. Тое, аб чым, нажаль, не распавядаюць журналістам.
Што? Паспрабуйце прачытаць мудроўскае «Раніцай, калі патухаюць зоркі» - можа, адгадка - там?
Чаму такія героі, спадар Вінцэсь?
Яны - не героі. Зусім не героі. Такія не героі, што нават чэхаўскія тры сястры побач з імі - актыўна дзеючыя асобы. У двух апавяданнях толькі сустракаюцца сапраўдныя, амаль рамантычныя, героі, але ж аднаго з іх якраз выключаюць з універсітэту, і ен ад’яжджае дахаты («Кватарант»), а другога - колькі год таму выключылі з аспірантуры і выкінулі ў вялікае жыццё («Гэмінгуэй»).
Астатнія - людзі комплексу і страху, кампрамісу і бязволля. Нават забойцы - на дзіва бязвольныя: яны забіваюць проста таму, што такі час, і проста тых, хто патрапіўся ў прасторы.
Зыходзячы з логікі існавання такіх герояў, фабулай апавядання можа быць (і становіцца!) напад цешчы на зяця, выпас авечак на востраве і воўчыя візіты да іх, дэсант лялечнага самалёту, супраць якога падымаецца супрацьпаветраная абарона краіны (апавяданне, між іншым, датаванае 1996 годам!).
Калі на змрочным шляху гэтых сумных зданяў сустракаецца каханне, яны пужаюцца, калі вайна - блытаюцца, калі радзіма - хаваюцца, калі лялечны самалёт - панікуюць. Не, яны не зусім страчаныя для света: калісьці ім вельмі падабаўся Гэмінгуэй, калісьці яны ўмелі з двух цвікоў і пары бляшанакзрабіць каляровы тэлевізар, але зараз яны тлусцеюць і таўсцеюць, сівеюць, хварэюць і за лепшае жыццё лічаць хатнія тапкі і талерку гарачай тушанай капусты.
Як жа так, дзядзька Вінцэсь? Такім героям -такая мова?
Не, Мудроў не кажа: бярыце мову - і будзе вам шчасце. І нават не з першае слова ты пачынаеш разумець гэтае супрацьпастаўленне: гаротныя, самотныя людзі ў апавяданнях - і шыкоўная, вольная, чароўная мова, якой яны намаляваныя. Стоены, шэры, бессэнсовы іх свет - і яскравая, багатая, раскашовая мова, якой яны размаўляюць. Чытацкае расчараванне ў героях - і чытацкае захапленне мовай…
Як жаж хочацца, людцы мае, адпавядаць сваёй мове.
Як жаж хочацца, даражэнькія, адпавядаць сваім юнацкім марам.
Як жаж хочацца, усё роўна хочацца, запытацца ў Вінцэся Мудрова: адкуль у нас такое жыццё?
Але ж мудры Мудроў наўрад ці вось так, наўпрост, адкажа.
Старая крэпасць не здаецца не тое, што журналістам - часу і прасторы.
Але ж шчылінка ў варотах, здаецца, знайшлася: чытайце «Багун».
Там ёсць чым замілавацца, аб чым паразважаць і з чым паспрачацца.
Ганна Севярынец
літаратура,
кнігі,
Мудроў