Эдуард Акулін - чарговы лаўрэат літпрэміі "Гліняны Вялес"

Mar 01, 2014 12:02

Арганізацыйны камітэт літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» вызначыўся са сваім чарговым лаўрэатам. «Глінянага Вялеса -2013» атрымае вядомы паэт і бард Эдуард Акулін за паэтычны зборнік «Святая ноч».

Гэтая кніга выйшла напачатку 2013 года і была прымеркавана да юбілею аўтара - летась 7-га студзеня паэт адзначыў сваё 50-годдзе. Зборнік аб'яднаў лепшыя вершы Эдуарда Акуліна, напісаныя цягам трыццаці трох гадоў творчай працы. Кніга ўтрымлівае і паэтычны зборнік «Радно», наклад якога быў знішчаны ў 2000 годзе.

Сярод сёлетніх намінантаў на прэмію «Гліняны Вялес» толькі кніга Акуліна прадстаўляла беларускую паэзію, астатнія чатыры прэтэндэнты намінаваліся з празаічнымі творамі. Гэта «Музы і свінні» Уладзіслава Ахроменкі, раман «Мімікрыя» Аляксандра І. Бацкеля, «Паэзія прозы» Віктара Сазонава і «Багун» Вінцэся Мудрова.

«Гліняны Вялес» быў заснаваны ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду - гліняны стод апекуна мастацтва. Мінулым пераможцам стаў віцебскі пісьменнік Сяргей Рублеўскі за кнігу «Паспець надыхацца».

Акулін, літаратура, кнігі, Гліняны Вялес

Previous post Next post
Up