Jan 06, 2014 20:23
1. Які сэнс ты ўклаў у назву сваёй новай кнігі - "Паэзія прозы"?
- Так называецца адно з апавяданьняў кнігі. Гэтае апавяданьне, на першы погляд, выбіваецца з агульнага кантэксту. Але насамрэч гэта не так. Адзін з герояў апавяданьня шукае нейкі ідэал творчасьці. Фармулюе яго як паэзія прозы. З-за таго пошуку трапляе ў тое, у што патрапіў. А кніжку ў цэлым назваў як гэтае апавяданьне чыста інтуітыўна.
2. Ці сапраўды ў Беларусі ёсьць падзел на сталічных і рэгіянальных пісьменьнікаў?
- У Беларусі ёсьць падзел усіх на ўсіх. Геаграфічны складнік, як савецкая спадчына, таксама існуе. Ёсць і такі гістарычны складнік, як ВКЛ ці БНР, які імкнецца з'яднаць усіх беларусаў. Тое самае робіць мара пра будучыню сваёй Краіны і Нацыі. Думаю, што ўсе больш-менш адукаваныя і неабыякавыя людзі мусяць трымацца гэтага кірунку.
3. У чым асаблівасьць гарадзенскай прозы? Ці ёсць такая ўвогуле?
- Спадзяюся, што гарадзенская проза ёсьць, бо і сябе самога нясьціпла лічу гарадзенскім празаікам. І многіх іншых гарадзенцаў таксама. А ў чым асаблівасць лепш скажуць дасьледчыкі літаратуры. Лепш мне ў гэты працэс дасьледваньня не ўмешвацца і не перашкаджаць.
4. Ці патрэбныя такія літаратурныя прэміі, як "Гліняны Вялес"?
- Ясна што патрэбная. І для творцаў, і для літаратуры. Бо прэміі і конкурсы ўзбуджаюць цікавасьць чытачоў да літаратуры ўвогуле. Пры ўмове, калі ім давяраюць. Ну а калі шырыцца кола чытачоў, і цікавасьць да літаратуры, то ўжо ўсе творцы выйгралі. А галоўны прыз, у нашым выпадку "Гліняны Вялес" становіцца дадатковым і прыемным бонусам.
5. На тваю думку, хто галоўны прэтэндэнт на "Вялеса-2013"?
- А гэта яшчэ адно пытаньне, дзе мне, лічу, лепш ў гэты працэс дасьледваньня не ўмешвацца і не перашкаджаць тым, хто мае досьвед такой працы.
Арганізацыйны камітэт літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”
літаратура,
кнігі,
Гліняны Вялес,
літпрацэс