Намінант літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес»: Уладзіслаў Ахроменка "Музы і свінні" (проза), "Ковчег"

Jan 06, 2014 12:56

1. Да якога сэгменту беларускага прыгожага пісьменства ты аднёс бы сваю новую кнігу "Музы і свінні"?
- Гаварыць пра прагалы беларуская літаратуры бессэнсоўна - гэта, што называецца агульнае месца. Скажам, абсалюта еўрапейская традыцыя часоў Рэнесанса - тэматычны зборнік кароткіх навэлаў, адначасова падкрэслена займальных і ненавязліва маралістычных (“забаўляючы - навучай!..”), адным з распачынальнікаў каторай стаў Джэфры Чосэр са сваімі “Кентэрберыйскімі апавяданнямі”, у беларускае літаратуры практычна адсутная. Гэта з аднога боку. А з другога - наракаць на “у сучбелліце няма чаго чытаць, дайце захапляльнае і цікавае!..” - таксама агульнае месца. Таму “Музы і свінні” і планаваліся як кніга ў працяг заходнееўрапейскай адраджэнскай традыцыі, для самай шырокай аўдыторыі, але - менавіта на пазнавальным для чытача белерускім матэрыяле.
2. Якая навэла з новай кнігі табе далася найбольш цяжка?
- Не магу скласці нейкі рэйтынг ці дыяграму: што цяжэй, што прасцей. Калі ставіш за мэту распавесці нейкую займальную гісторыю, якую трэба ўпляжыць у 10-12 тысяч знакаў, з адпаведнай інтанацыяй, характарнымі персанажамі і навэлістычнай канцоўкай - усё па-своему цяжка!
3. Ці чакаецца выданьне "Музаў і свінняў" у іншых мовах?
- Чакаецца. Пакуль не магу папярэдне выдаваць усе таямніцы, але ж, напэўна, “Музы і свінні” выйдуць расейскай у Маскве ўлетку ці ўвосень. Прынамсі, фактура кнігі зразумелая не толькі ў Менску і ў Навагрудку, але ж і ў Маскве, і ў Тамбове.
4. Ці патрэбныя такія літаратурныя прэміі, як "Гліняны Вялес"?
- Калі шчыра, до да ўсіх мастацкіх конкурсаў, у тым ліку і літаратурных, стаўлюся скептычна. Практычна, гэта нейкі турнір (ці чэмпіянат) па літаратуры. Скажам, у “Гедройце” на адным полі гуляюць празаікі розных амплуа, а таксама эсэісты, публіцысты і г. д. А ў “Велесе” яшчэ і паэты. А суддзі мусяць вызначыць, “што лепшае”. Як па мне, падобнае немажліва ў прынцыпе. Хто лепшы: футбаліст Ранальда ці баксёр Клычко? Венскі сімфанічны ці Мюнхенскі духавы аркестры? Датаго ж, нават на футбольных чэмпіянатах Свету арбітры рэгулярна не залічваюць пенальці, не выдаляюць гульцоў за сімуляцыі і гэтак далей, што ўплывае на вынікі. На міжнародных музычных конкурсах сітуацыя яшчэ больш складаная: чальцы журы цягнуць у лаўрэаты вучняў сваёй групоўкі… Але ж “Велес”, безумоўна, вельмі і вельмі патрэбны, бо ён стымулюе ўвагу чытача да навінак беларускай літаратуры.
5. Дзе плануеш правесьці першую прэзентацыю сваёй новай кнігі?
- Пакуль сказаць не магу. На сёння, я жыву ў Чарнігаве, як той Панікоўскі - “чалавек без пашпарта”. Калі атрымаю пашпарт з індыйскай візай у амбасадзе Індыі ў Кіеве - скажу дакладна наконт тэрмінаў. Але папярэдне - у Менску, у галерэі “Ў”. Фармат будзе незвычайны, пакуль гэтай вайсковай таямніцы не выдаю. Але маю назваць удзельнікаў: Аксана Спрынчан, Максім Клімковіч, Віктар Марціновіч, Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Федарэнка, Сяргей Календа… Усе мае калегі і сябры, так што калі будзе нейкая пэўнасць з пашпартам - запрашаю!
Аргкамітэт літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес»

літаратура, кнігі, Гліняны Вялес, літпрацэс

Previous post Next post
Up