Oct 08, 2013 14:03
Альгерд Бахарэвіч напісаў пра тое, што Нобель па літаратуры Беларусі непатрэбны, маўляў, ён сваім цяжарам патрушчыць нашую кволую белліт. Хутчэй гэта словы разуменьня, што аніхто зь яго пакаленьня ня мае ў гэтай гульні нават 0.0001%. То няхай і нікому. Тут яшчэ я чую голас патрэбы справядлівасьці - бо нельга даваць прэмію таму, хто яе ня варты, бо гэта амаральна і разбуральна.
Насамрэч ніякай справядлівасьці ў культуры, а мы тут згадваем перадусім літаратуру, не існуе. Тут дзейнічаюць іншыя чыннікі - палітычная, эстэтычная кан’юктура (напрыклад, падтрымліваем лібералаў), гульня лабістаў (у гэтай гульні ўдзельнічаюць нават міністэрствы замежных справаў), “так склаліся зоркі” (любімы выраз Дубаўца) і інш.
Пляцоўка Нобеля - гэта толькі месца, дзе можам “засьвяціцца” і прадэманстраваць нешта “Made in Belarus”.
Не істотна, хто будзе першым ляўрэатам (графаману прэмію дакладна не дадуць).
Ва ўсіх суседніх літаратурах іхнія набелісты - як палі ў падмурак нацыяльных літаратур. Нават калі гэты набеліст паскудны чалавек і ня раз запляміў сваё імя.
Ня трэба баяцца - што першы беларускі набеліст будзе ня ваш кандыдат. Інакш гэта выглядае на барацьбу паміж літгрупоўкамі. Калі ня мой кандыдат - то няхай нікому. Чужога падтрымліваць ня буду.
Пара выйсьці зь дзіцячага ўзросту. Жыць гэтак сама, як суседзі за Бугам, не прыдумваючы сабе нейкую асаблівасьць і недалужнасьць.
літаратура,
дыскусія,
міты,
Бахарэвіч