Jun 30, 2014 01:37
З жонкай-украінкай жыву амаль 17 гадоў. За гэты час амаль ніхто і ніколі ва Ўкраіне не ўшчуваў мяне за тое, што я з Беларусі.
Быў, зрэшты, адзін непрыемны выпадак…
Неяк у Кіеве, падчас святкавання “Білоруської весни-2007” у Кіеўска-Магілянскай Акадэміі, да мяне падсеў нейкі падпіты ўкраінскі паэт з прэтэнзіяй кшталту: “Не мог в Білорусі дружину знайти? Навіщо псувати наш генофонд?” Праз колькі хвілінаў падпітага ўкраінскага паэта перанялі суадносна цвярозыя і вельмі суворыя ўкраінскія літаратурныя крытыкі, узялі за каршэнь і кудысь павялі. Праз колькі хвілінаў паэт зноўкі падсеў, паціраючы гузак пад вокам: “Владислав Ігорович, вибачте, будь ласка, я не мав рації, білорусів ми дуже толеруємо!» Жыццявая пазіцыя перавыхаванага паэта мне вельмі спадабалася, я яму нават наліў.
Але. З нашага, то бок беларускага боку я ўжо стаміўся адказваць на закіды: «Ты што, беларускую жонку знайсці не мог?» Апошні такі закід атрымаў заўчора ў «лічку»…
Ды якая вашая сабачая справа! Мне што - інтэрнэт-галасаванку трэ’ было праводзіць, кого ў жонкі браць?!