З бабуліных аповядаў

Feb 24, 2013 00:44

Да рэвалюцыі родны брат маёй прабабкі паехаў у Дэтройт, працаваў у Форда. Пабраўся шлюбам (з беларускай, між іншым), пабагацеў, дзеці "пайшлі ў людзі", як у нас казалі -- атрымалі адукацыю. У 1926 ці ў 1927 годзе прыехаў у Гомель - не жыць, а проста агледзіцца. Паглядзеў-паглядзеў, паехаў у вёску Баршчоўка пад Рэчыцай, адкуль родам, і тамака ўсё скеміў. Транты, якія папрывозіў, раздарыў сваякам, плюнуў на тыя Саветы і хуценька падаўся ў Дэтройт.
Па хуткім часе атрымліваюць мае дзяды ліст з Дэтройту прыблізна такога зместу: маўляў, расказваю тут усім, што за Саветамі вельмі добра жыць, але вяртацца не хачу, бо ў Баршчоўцы няма завода кшлатлу фордаўскага і працы па спецыяльнасці...
Прынамсі, так мне расказала бабуля годзе ў 1975 ці 1976-м.
На маё пытанне "дык дзядзьку Конану жа савецкая ўлада не спадабалася, тыж сама гаварыла! Чаму ж не застаўся?" бабуля адказала прыблізна наступнае: ён што, дурны? У лагер бы пайшоў як шпегун! А хваліў пабачанае з такой прычыны: маўляў, у нас на сваё сабачыцца можна, а вось за мяжой - крый Божа!
Previous post Next post
Up