"Твой бег параўноўваю зь летам, зь лёгкім прыемным ветрам..."

May 04, 2014 07:58

Вярнулася толькі што з ранішняй прабежкі. Трымаюся ўжо 2 тыдні, кожны дзень на жаль не атрымоўваецца, але мінімум 3 разы на тыдзень бягу. Я і тут вельмі залежу ад сонца. Вось сёння Яно ўстала і, не гледзячы на травеньскія начныя марозікі, я таксама вельмі лёгка паднялася і пабегла. Планую не пакідаць гэты занятак ужо.
Што можа быць лепш з раніцы за вогненны шар ў блакіце, які, здаецца ўзыходзіць спецыяльна для цябе. Шкада, што немагчыма ўзяць з сабою фотаапарат.
А яшчэ водар скошанай травы (няхай гэтая трава і газонная, а не ў полі), які ад расы мацнее стакрот, і які з глыбокім дыханнем уліваецца ў самую тваю глыбіню.
А яшчэ жаўрукі, што вітаюць раніцу і цябе. Іх можна пачуць, калі зняць на колькі хвілін навушнікі, якія між іншым спакойна паслухаць (без мама дай мнееее) таксама ўдаецца падчас прабежкі.
А яшчэ адчуванне сябе, кожнага кроку, кожнага ўдару сэрца, кожнага ўздыху. І здаецца, што з кожным новым ты становішся лепшай.
А яшчэ магчымасць павітацца з зусім незнаёмымі людзьмі на адваротным шляху - яны выйшлі пагуляць з сабакаю ці таксама прабегчыся. Проста ад таго, што добры настрой і ад таго, што акрамя вас нікога больш і няма. І ад гэтага вы становіцеся такімі блізкімі.
І выгляд ранішняга гораду, твайго спальнага раёну. Вось яны вокны, за якімі схаваныя тысячы беларускіх жыццяў. Пакуль спяць, адбіваюць сонца. А ты бяжыш. Ты зараз вольная ад усяго, ты належыш толькі сама сабе. І здаецца, што ты ўсё ў жыцці паспееш.
А пасля хутка скачкамі на 8 паверх, душ ... і ты гатовая на ўсё ў гэты дзень. А калі пашчасціць, то вось і хвілінку для думак можна знайсці і нават іх зафіксаваць.
І яшчэ ёсць адно - магчымасць паглядзець на сваіх спячых хлапцоў. Пацалаваць іх у думках, каб крый Божа не разбудзіць (бо твая воля на гэтым і скончыцца). Трошкі затрымацца перад выхадам, успомніць любыя хвілінкі з імі, успомніць іхнія лепшыя словы:
"...Твой бег параўноўваю зь летам,
Зь лёгкім прыемным ветрам,
Са стужкаю чорна-чырвонай,
Што ў сэрцах нашых уецца..."

і пабегчы насустрач шчасцю і новаму дню.

І што я ў гэтым знаходжу (;)?

штодзень, этапы, бег

Previous post
Up