May 11, 2018 10:32
2018. Раман і артыстычны арыстакратызм
Арыстакратыя даўно сышла з гістарычнай сцэны. Яна згінула ў рэвалюцыйных бітвах і пад нажом гільятыны. Але арыстакратычны дух і арыстакратычны артыстызм засталіся ў творах мастацтва і працягваюць культывавацца асобнымі мастакамі і літаратарамі. Тое, што было запачаткавана жывапісцамі Бушэ і Вато ў часы ракакако, знайшло працяг у светланосных краявідах імпрэсіяністаў. Манэ і Дэга самыя сапраўдныя арыстакраты ў сваёй творчасці. Нават звычайны стог сена на карціне Клода Монэ выглядае пастаральна і арыстакратычна. Не менш арыстакратычны і постімпрэсіяніст Латрэк, нават вульгарны танцор на ягоных плакатах выглядае прынцам з блакітнай кроўю. Увесь блакітны перыяд у Пабла Пікаса, які захапіўся ман’ерыстычнымі вобразамі Эль Грэка, варта лічыць узорам артыстычнага арыстакратызму. У беларускім мастацтве да артыстычнага арыстакратызму ніхто не дайшоў, але былі спробы да яго наблізіцца. Найбольш яркай спробай такога набліжэння можна лічыць тэатральна-казачны перыяд у творчасці Рамана Заслонава. Шкада, што мастак не дайшоў да вяршыні, не дасягнуў мэты, але сам намер варты ўхвалення. Спроба ўзысці на вяршыню зачароўвае... Цяжка заставацца арыстакратычным артыстам, калі тон у мастацтве задаюць гандляркі і кухары, калі танная катлета больш важная за шыкоўны букет, калі апранахі лічацца даражэйшымі за цела... Таму я выдатна разумею мастакоў, якія адмовіліся займайцца артыстычным арыстакратызмам.
Раман Заслонаў