Apr 20, 2018 13:56
1968. Каткоў і Хатынь
Сяргей Пятровіч на аўтобусе павёз нас - сваіх атданых студыйцаў - у Хатынь. Па дарозе ён расказаў пра мемарыял, які там узводзіцца. Мемарыял ставіўся, каб ушанаваць памяць пра спаленыя немцамі беларускія вёскі. Бацькаву вёску - Варакомшчыну немцы зруйнавалі і спалілі, растраляўшы з дальнабойных гармат. Варакомшчына згарэла з-за таго, што нейкі дурнаваты савецкі салдат, як казалі - татарын стрэліў з прыдарожных кустоў у нямецкага матацыкліста-разведчыка. Матацыкліст развярнуўся і ўцёк у Наваельню, дзе праз нейкі час на груду з’явіліся гарматы. Матчыну вёску - Старую Рудзіцу немцы спалілі за тое, што п’яныя партызаны забілі ў ёй п’янога паліцыянта. У абедзьвух нашых вёсках ужо стаялі невялікія стэлы з прозвішчамі ахвяр другой сусветнай вайны, якія пацярпелі ад немцаў вайскоўцаў, ад немцаў карнікаў і ад карнікаў казакаў. Можна сказаць, што пра спаленыя вёскі і вайну мы ўсе ведалі шмат. Ведалі не толькі з кніжак і кіно, ведалі з праўдзівых апавяданняў родных людзей. Ведалі, што усё гэта жудасць. Недабудаваны хатынскі мемарыял зрабіў на мяне моцнае і цалкам адмоўнае ўражанне. Было халодна і золка. Хмары віселі над хатынскім полем так нізка, што здавалася неба ляжыць на чорных комінах. У самай верхняй частцы комінаў былі замацаваны тады яшчэ без’языкія званы. Каткоў сказаў, што будзе зроблена так, каб гэтыя званы білі, а іх бой нагадваў нам пра забітых у вайну людзей і пра іх спаленыя вёскі. Мы пачалі-былі маляваць чорныя коміны і званы. Нехта сказаў, што пакуль няма Каткова, трэба каменем пацэліць у звон, каб пачуць і паслухаць ягоны голас. Мы назбіралі камянёў і кідалі ў званы. Сілы ў нас трэцякласнікаў ды пяцікласнікаў не хапала, каб моцна шпурнуць камень. Званы, нават калі ў іх нехта і цаляў, адказвалі нейкім глухаватым трупаннем, а не ўрачыстым звонам. За кіданне камянямі ў званы, Каткоў насварыўся на нас. Ягоная сварка супал з пачаткам дазджу. Свае чорна-чарнільныя коміны мы дамалёўвалі седзячы ў аўтобусе. Тое даўняе падарожжа ў Хатынь, было самым найгоршым з усіх падарожжаў, якія ладзіў для студыйцаў Сяргей Каткоў.
1968. Каткоў і рост
У Сяргея Каткова быў напаліёнаўскі рост, кажучы проста - ён быў маленькі. Ніякіх напаліёнаўскіх ваенных планаў у яго не было. Як для мяне - ён мірны чалавек, які любіў дзяцей і мастацтва. З-за свайго росту ён быў нам - студыйцам у палацы школьнікаў - бліжэй за ўсіх астатніх вялізных, мажных і высозных дарослых ды старых. Зддавалася, што Каткоў ставіцца да нас, як да роўных. Мы яму верылі, мы яго любілі і слухаліся, не раўнуючы, так некалі французскія салдаты слухаліся свайго Напаліёна.
Каткоў