Dec 15, 2017 23:48
Спартак і Беларусь
Калі нехта папрасіў бы мяне выбраць у сусветнай гісторыі самае значнае імя, я назваў бы Спартака. Адпаведна, самая важная падзея ў гісторыі чалавецтва - паўстанне рабоў пад ягоным кіраўніцтвам, а самая значная дата - 73 год да нашай эры, год калі пачалося вызвольнае паўстанне. Што можна было прачытаць пра ўсё гэта ў школьным падручкіку гісторыі? Мала што. З цікавага, хіба гэткае: “Мы ведаем пра паўстанне толькі тое, што расказалі ягоныя ворагі - рымскія ды грэцкія пісьменнікі”. Хітрыя сучасныя гісторыкі вырашылі і напісалі, што ворагі Спартака - пісьменнікі. Не цяжка здагадацца, чаму яны гэта зрабілі. Яны проста пасаромеліся пісаць праўду пра рымскіх і грэцкіх гісторыкаў, як пра асноўных ворагаў Спартака. Такая вось прафесійная тысячагадовая салідарнасць. Зрэшты, дзе мы, а дзе той Спартак... Кожнаму народу найцікавейшая свая гісторыя. У беларусаў ролю Спартака, ролю паўстанца і змагара з імперыяй зла выконвае Каліноўскі. Наша дата паўстання - 1863 год. Абодва паўстанні скончыліся паразай. Спартак і Каліноўскі загінулі. Таму для беларусаў я знайду іншыя даты ў гісторыі, тры даты нашых асноўных перамог. 1918 - год абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 1939 - год уз’яднання Заходняй і Ўсходняй Беларусі. 1991 - год стварэння беларускай незалежнай дзяржавы. Вось і ўсё, што трэба найперш ведаць кожнаму беларусу пра гісторыю і гісторыкаў.
беларус,
невялікае пра вялікіх