Feb 15, 2017 09:33
1968. Маці і макароны
Ніколі сур'ёзна не захапляўся кулінарыяй. Нават, калі ў нашай сям’і з’явіўся прафесійны кухар з сочынскай рэстарацыі - Гена Сахарцаў, праца каля пліты мне ўсё адно не падабалася. Яна мне не падабалася яшчэ і таму, што мой першы кулінарны эксперымент скончыўся скандалам. У дзяцінстве мне заўсёды хацелася есці. Звычайна, я абмяжоўваўся лустай чорнага хлеба з цукрам. З’ядаеш лусту, запіваеш гарбатай і голад знікае. Аднойчы я зрабіў эксперымент, уключыў газ, запаліў фаерку і ў сінім полымі пачаў абпальваць сухую макароніну. Яна крыху аплаўлялася, рабілася мяккай і залацістай. Нагрэты кавалак макароніны я з’ядаў. На смак гарачая макароніна нагадвала падсмажаныя на вогнішчы каласкі, што і натуральна. З’еўшы некалькі нагрэтых агнём макаронін, я быў страшэнна задаволены сваім вынаходніцтвам. Таму, калі маці спыталася, чаму ў кватэры пахне гарэлым, я ёй расказаў пра ўласны кулінарны рэцэпт. Маці на мяне насварылася. У яе быў кепскі настрой, і яна моцна сварылася. Лупіць не лупіла, але сварылася так, што мне больш не хацелася займацца кулінарнымі эксперыментамі.
ма