(no subject)

Oct 11, 2016 20:30

2016. Юрась і вершы

Юрась піша вершы. Ты скажаш: «А хто іх зараз не піша?» Поўны Інтэрнэт рознага вершаплётства. Куды ні глянь, паўсюль ляжаць вершыкі. Юрась не з такіх. Ён сур'ёзны і пафасны паэт. Піша і друкуе свае рыфмаванкі ў тоўстых часопісах і культурных тыднёвіках. Збірае публікацыі, складае іх у зборнікі і выдае кнігамі. Вершамі не заробіш. Таму Юрась падпрацоўвае ў розных канторах. Дзе больш заплоцяць, тамака і халтурыць. Як і ўсе. Але сам сябе Юрась лічыць найперш паэтам. Таму штодня сядае за стол і складае вершы. У яго не атрымліваецца напісаць добры верш. Пісака разумее, што не можа скласці словы ў сапраўдны твор, і злуецца. На сябе няздару, на несправядлівы свет, на вядомых і таленавітых ён злуецца да лаянкі. Ад злосці ў Юрася чырванеюць вушы і нос. Ён мацюкаецца, але не пакідае намераў напісаць выдатную паэзію. Мог бы кінуць пісаніну, мог бы паслухацца жонку і вярнуцца на дзяржслужбу. Не слухаецца, злуецца і піша-піша-піша. Юрасёва жонка скардзіцца знаёмым на зацятую неразумнасць мужа. Знаёмыя не аднойчы прапаноўвалі Юрасю заняцца чымсці больш спакойным за капрызлівую паэзію. Не слухае. Верыць, што ў пяцьдзесят жыццё ў паэта толькі пачынаецца. Дурань.

сУчаснікі

Previous post Next post
Up