Jan 04, 2016 11:08
1988. Сапач і "Песняры"
Журналістыка - складаны занятак. Шмат хто з маіх калег - пісьменнікаў і журналістаў адчуваў і адчувае на сабе чужую нянявісць і грэблівасць. Здаецца, што пішаш праўду і паказваеш аб’ектыўны малюнак, а людзі, пра якіх гаворыш, лічаць твае матэрыялы кепскімі, ілжывымі і нават абразлівымі. З пэўнай доляй грэблівасці пра журналістку Таню Сапач казаў мне знакаміты музыкант з легендарных “Песняроў” - Улад Місевіч. Якубовіч і Місевіч запрасілі мяне выпіць з імі шклянку віна. Было тое ў рэдакцыі шматтыражнай газеты “Знамя юности”. Выпіць з песняром я палічыў за гонар. Мы пілі недарагое віно і размаўлялі пра паэзію, пра тэксты для песень. Спявак заўсёды дбае пра рэпертуар, яно і зразумела. Місевіч распытваў пра маладую паэзію. Якія вершы варта прачытаць? Якія, на маю думку, добра пакладуцца на музыку і праспяваюцца. Я назваў Анатоля Сыса і Таню Сапач. Лепей бы я назваў аднаго Сыса, бо Місевіч зрабіўся злы. Ён спытаў, ці не працавала паэтка Сапач журналісткай ў Гомелі. Таня працавала журналісткай у Гомлі і падманваць Місевіча я не стаў. “Прыйшла да нас перад канцэртам такая сціплая шэрая мышка. Мі-мі-мі... Пазадавала пытанні дзіцячым галаском. Паўсміхалася. Развіталася. Напісала ў газету, што мы не гаваром між сабой па-беларуску. Маўляў, песняры мала любяць і шануюць беларускую мову. На сцэне адно, а за сцэнай іншае. У артыстаў заўсёды на сцэне адно, а за сцэнай іншае. Мы ўсё жыццё паклалі на прапаганду і падтрымку беларускай мовы. Мы шмат пацярпелі ад абвінавачванняў у нацыяналізме. Мала пацярпелі! Не на той мове ў грымёрцы гаворым! Не шчырыя мы людзі. Падманшчыкі...” Якубовіч супакоіў Місевіча. Мы выпілі за мір і пачалі разважаць пра паэзію Караткевіча... Ідучы дамоў, я думаў, што “Песняры” не будуць выконваць песні на вершы Сапач, ні праз год, ні праз два, ні праз дзесяць гадоў...
Сапач,
рэдакцыі