Бярозавы сок

Mar 09, 2015 03:49


Вітаю, шаноўныя!

Наглядзеўшыся ў лесе на панявечаныя бярозы, вырашыў запісаць ролік з парадамі, як зьбіраць бярозавы сок з дапамогай звычайнай кропельніцы https://youtu.be/S7G_iimLwew



Кропельніца каштуе трыццаць цэнтаў. Набыць можна ў любой аптэцы. І трэба шчэ дакупіць садовы вар, каштуе даляр за шклянку.

Нам спатрэбіцца сьвердзел памерам роўна 4,5 мм. Сьвідруем дзірку глыбінёй недзе два санцыметры на вышыні паўметра ад зямлі. Як толькі сок пайшоў, далей ужо не сьвідруем. То бок, насамрэч мы сьвідруем толькі кару. Драўніну амаль не чапляем, бо нямае сэнсу - сок цячэ паміж карой і драўнінай. Недзе праз тыдзень сок пацячэ павольней. Тады трэба паглыбіць шчыліну літаральна на міліметр.



Іншы канец кропельніцы, там дзе іголка, прымацоўваем да корку. Адстойную камеру кропельніцы лепш зрэзаць, бо там маецца фільтр, які замінае. Апроч таго, калі на вуліцы цёплае надвор'е, сок у гэтай ёмістасьці закісае.



Даўжыня кропельніц дазваляе злучыць тры і нават болей струменьчыкаў у адну вялікую бутлю. Вельмі зручна.



Калі ў вашым лесе лютуюць вандалы альбо, як у нас на Беларусі, леснікі, то ўсю сыстэму ад чужых вачэй можна схаваць наступным чынам.



Сок трэба забіраць кожны дзень, а калі надвор'е цяплей ніж дванаццаць градусаў, то і два разы на дзень. Бярозавы сок доўга не захоўваецца.

Пасьля сканчэньня сэзону, каб пазьбегнуць інфэкцыі, дзіркі ў дрэвах трэба замазаць садовым варам. Калі сок яшчэ ня цалкам спыніўся, то можна забіць дзірку драўляным калком. Але да канца забіваць калок ня трэба. Справа тут у тым, что праз рок-два калок зьгніе ўнутры ствала, праз што дрэва можа захварэць.



Што рабіць зь лішкам соку? Найлепш замарозіць. Маем дзьве лядоўні, за сэзон замарожваем 20-30 літраў у ПЭТ бутэльках. Калі ў чэрвені-ліпні пачынаецца спёка, перакладаем бутэльку з маразільнай камеры ў халадзільную. Па меры таяньня ўжываем. Замарожаны сок можна захоўваць аж да наступнай вясны.

Іншы спосаб, гатаваць квас. Рэцэптаў шмат ў сеціве. Самы просты з разынкамі і цукрам. З разліку пяць разынак на літар. Колькасьць цукру строга 50 грам на літар. Меней, квас сапсуецца з-за браку вуглекіслага газу, болей - разарве бутлю. Важна шчыльна закрыць посуд, каб газ не выходзіў. Захоўваць квас трэба ў холадзе.

Таксама ёсьць просты рэцэпт квасу са смажаным ячмянём. Падрабязьней пачытайце ў сеціве.

Смачнага вам соку ☺























Previous post
Up