Галіна Пазьняк пра выбары 1994 году

Dec 17, 2011 05:08

undefined
У дзень выбараў (1-ы тур) на кожным участку ў Менску былі нашыя назіральнікі за ходам галасаваньня і падліку галасоў. Я была назіральнікам у райвыканкаме Маскоўскага раёну, куды сьцякалася ўся інфармацыя з участкаў усяго раёна. Калі ішоў падлік галасоў, некаторыя ўчасткі сканчалі працу раней. І тады мне адтуль тэлефанавалі нашыя назіральнікі і я рабіла свой зборны ліст па раёну.

Магу засьведчыць, што ў другі тур па нашым раёне (як потым высьветлілася, і па ўсёй Беларусі) выходзілі Пазьняк і Лукашэнка. Па колькасьці галасоў Маскоўскага раёну Менска Лукашэнка выходзіў на 1-е месца, на 2-е - Пазьняк, але на некаторых ўчастках на першае месца выходзіў Пазьняк. Гэты свой „ зборны” сьпіс у мяне нават захаваўся. Як чалавек, які шчыльна займаўся выбарамі прэзыдэнта і быў назіральнікам за ходам галасаваньня, я сьведчу, што першы тур выбараў быў сфальсіфікаваны.

У Фронт ішлі зьвесткі з усёй Беларусі, і яны пацьвярджалі страшэнную фальсіфікацыю. Пасьля выбараў былі знойдзены тысячы выкінутых „ некім” бюлетэняў з галасамі за Кебіча... Выходзіць, улады рабілі, што хацелі, і ня выбаршчыкі вырашылі далейшы лёс Беларусі, а злачынная посткамуністычная намэнклятура і тыя, хто за ёю стаяў (упершую чаргу спэцслужбы КДБ). Сфальсіфікаваўшы першы тур прэзыдэнцкіх выбараў, ЦВК аб’явіла, што на другі тур застаюцца Кебіч і Лукашэнка, у распараджэньні якіх - два тыдні да выбараў.

На тэледэбаты з Кебічам у другім туры Лукашэнка рваўся з усіх сілаў. Тут ён паводзіў сябе нахабна, перабіваў субяседніка, не даваў яму дагаварыць, задаваў яму рытарычныя пытаньні і сам на іх адказваў. Спыніць ягонае нахабства магла толькі моцная асоба, Кебіч жа паказаў сябе на тэледэбатах як асоба ніякая і бязвольная, яго нават па-чалавечы было шкода.

Здаецца, 3-га ліпеня, у Палацы спорту адбывалася гарадзкая ўрачыстая імпрэза, на якой мы з Вольгай Кузьміч мусілі прысутнічаць як супрацоўнікі Гарвыканкаму. Мы пад’ехалі да Палацу і ненадоўга прыпыніліся на прыступках каля ўваходу, бо пачалася нейкая незразумелая мітусьня, людзей неяк дзіўна штурхалі ўбакі. Мы не разумелі, у чым справа. І раптам убачылі Лукашэнку ў акружэ-ньні аховы. Было відаць, што гэта сапраўдныя „ мардавароты”, якія ня бачылі перад сабой людзей, ішлі, як танкі, адштурхоўваючы ўсіх, хто пападаўся ім на шляху. Нахабна і як злы пахан выглядаў і сам „ ніхто”.
Я тады сказала Вользе: „ Паглядзі, яшчэ выбары не адбыліся, ён яшчэ ніхто, а паводзіць сябе, як гітлераўцы сярод ваеннапалонных, жорстка і самаўпэўнена”. Так за нейкія секунды я ўбачыла будучага грубага дыктатара, начальніка Беларусі, які гатовы быў ісьці па галовах і зносіць усё на сваім шляху. Нічога добрага гэта не прадказвала.

У гэтыя два тыдні да выбараў перад выбарш-чыкамі Беларусі паўстала пытаньне: што рабіць і за каго галасаваць? Было відавочна, што ні Кебіч, ні Лукашэнка не зьяўляюцца прадстаўнікамі беларускіх інтарэсаў, таму Фронт заклікаў галасаваць супраць абодвух кандыдатаў. У такім выпадку (у 94 выпадку правалу абодвух) былі б прызначаны новыя выбары, і быў бы шанс выбраць Беларускага, а не прамаскоўскага прэзыдэнта. Наколькі мне вядома, Фронт нават прапаноўваў Кебічу ў гэтай сітуацыі зьняць сваю кандыдытуру (каб выклікаць новыя выбары). Кебіч павагаўся, але нічога ня зрушыў. Яго запэўнілі свае, што зробяць яго прэзыдэнтам, ён верыў Маскве і, відаць, да апошняга ня ведаў, што Масква, КДБ і мафія ўжо паставілі на Лукашэнку.

Гэбоўская прапаганда рабіла ўсё, каб заблытаць людзей. Яна распускала „ чуткі” пра „ харошага” Лукашэнку, што ён „ за просты народ” і за яго трэба галасаваць. Агенты гэбэ „ працавалі” ўсюды: у чэргах, у крамах, у аптэках, у шпіталях... У Кебіча ўжо не было ніякіх шансаў, але сам ён гэта не разумеў...

Цалкам азнаёміцца з гэтай і іншай інфрмацыяй можна ў кнізе Галіны Пазьняк "Беларусь у сэрцы" (спасылка ніжэй) 5 mb
http://vk.com/doc-7665_33610210?dl=a2ca5de805cad9ccd3

Продолжить дискуссию на www.belaruspartisan.org
Previous post Next post
Up