Малюем краіну разам! Год анімацыйнага фільма "Будзьма беларусамі!"

May 28, 2012 16:14




Год таму мы слухалі воплескі журналістаў, і ня верылі, што гэта адбылося -- анімацыйны фільм "Будзьма беларусамі/Шалёны народ" выйшаў, прэзентаваны, і вось яны -- першыя авацыі. "Чаму ў вас такія каменныя твары, чаму вы не радуецеся?!" -- запытаўся адзін з журналістаў.

Нядаўна мы перасекліся з Юляй Ляшкевіч на століках кавярні ў цэнтры Менску, і з гумарам узгадвалі крыкі, бразганне дзвярыма і кіданне слухавак. І тое, што некаторыя з каманды пасля стварэння фільма не размаўлялі між сабою некалькі месяцаў пасля выхаду. "Разумееш, -- тлумачыла Юля нашаму агульнаму знаёмаму, -- і гэта ўсё з-за таго якім мусіць быць сцяжок у вершніка на дзідзе! Ці якім годам заканчваць фільм!"



Кожны нюанс ўласна фільма і захадаў па яго прасоўванні адбываўся праз дыскусіі да вышэйзгаданага бразгання дзьвярыма:) Гэта датычыла візуальнага шэрагу, словаў, крокаў па прасоўванні -- уяго-усяго. "Таму, відаць, і такі паспяховы вынік", -- без усялякай сціпласці, падсумавалі мы з Юляй.

Я дагэтуль ня ведаю гісторыяў Юлі Рудзіцкай, Лявона Вольскага і Аляксандра Памідорава. Бачыцца-бачыліся, а пра фільм не гаварылі. Тым ня менш была і застаецца ідэя стварэння дакументальнага фільма пра з'яўленне анімацыйнага. Магчыма, гэта станем фільмам -- узорам паўстання сучаснай Беларусі.

Анімацыйны фільм выйшаў год таму, а стварацца пачаў два гады таму. Два гады ад задумы да атрыманя асалоды ад перамогаў на розных фестывалях. Калі ў мяне пыталіся пра матэрыяльны аспект формулы поспеху, я тлумачыў, што акурат пра гэты аспект ніхто з творцаў амаль ня думаў. Формула -- у добрай волі кожнага, хто быў задзейнічаны ў працэсе. У разуменні, што робіцца штосці важнае ўсім.

Мне падаецца, што вось прыблізна так: павольна, з бразганнем дзвярыма перад насамі адзін аднаго зацікаўленыя і захопленыя ствараюць новую Беларусь. І калі яна паўстане, гэтыя захопленыя людзі забудуцца на колішнія ўзаемныя падазронасць, стомленасць, расчараванасць і бязвер'е. І будуць цешыцца з таго, што пабачаць.
Малюем краіну разам! Гэта значыць ня толькі фантазіруем, а робім рукамі і мазгамі. Адваёўваем у шэрасці па кавалачку колеру.

ЗЫ: Я ня ведаю, ці рэалізуюца калі-небудзь і кім-небудзь тыя задумы, што былі па працягу працы пад кодавай назвай "Шалёны народ". Але дакладна ведаю, што выхад мульта даў штуршок новым праектам. Магчыма, ужо гэтай восенню штосці з іх выйдзе на шырокія экраны інтэрнэту:)

пра_бел

Previous post Next post
Up