Celibate Rifles

May 25, 2010 23:40


Было б няпраўдай сказаць, што не разумею я толькі жанчын. Іншы мужык для мяне таксама тая яшчэ загадка..

Мой напарнік па трэнажорцы - досыць рэдкі па сёньняшнім часе фрукт. Практыкуючы праваслаўны вернік (пры гэтым - настолькі далікатны ў выказваньні сваіх поглядаў, што абсалютна не прыводзіць мяне ў шал, як гэта звычайна ў мяне з гэтай публікай бывае). Посьціцца, выконвае "таінствы"(як, дарэчы, слушна перакласьці?), сьпявае ў царкоўным хоры, усё такое. Ня п'е, сочыць за здароўем. Чалавек, як кажуць, "вацаркоўлены", але і абсалютна пры гэтым мірскі.

Дык вось. Калі гаворка заводзіцца пра супрацьлеглы пол, напарнік выяўляецца зацятым гамафобам [ад слова gamophobia - паталягічная боязь жаніцьбы; пра homophobia сёньня ня будзе ні слова - салют, budimir:) ]. Так і кажа - ня буду жаніцца, і ўсё тут. І наогул - блытацца зь дзеўкамі. Спасылкі на "пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю" адмятае катэгарычна . Маўляў, Стары Запавет - па вялікім рахунку, мура (нездарма яе юдэі шануюць). А ёсьць узорна-паказальнае жыцьцё Хрыста і нейкая сэнтэнцыя пра поўную чашу, якую я, шчыра кажучы, не запомніў, не зразумеў, і не зразумеў, якім менавіта чынам гэтыя словы заклікаюць да цэлібату). Такая пазіцыя.

Але. Пры гэтым робіць усё, каб быць у жаночых вачох як мага афігеннейшым перцам. Імкнецца да самаўдасканаленьня, кар'еры, грошай.. Нават у трэнажорцы працуе на дасягненьне чыста зьнешняга эфекту - не падтрымкі агульнага тонусу, не разьвіцьця фізічнай сілы альбо цягавітасьці, а перадусім дзеля росту габарытаў і мышачнай масы (гэта розныя, ня вельмі падобныя міжсобку праграмы). Парадокс?

Я магу зразумець праціўнікаў шлюбу, якія ўжо нанюхаліся пораху міжполавых стасункаў, і сваё рашэньне прымаюць сьвядома, ведаючы ўсе "за" і "супраць". Напарнік жа, вельмі верагодна, нават ніколі ня быў блізкі з жанчынай. Сьвядома ад іх адмаўляецца, і разьбіваецца ў дошку дзеля таго, каб быць для іх прывабным.. Нейкая выкшталцоная помста жаночаму племені? А за што?

Схільны думаць, што маім праваслаўным таварышам, кажучы іхнай тэрміналогіяй, рухае гардыня.

людзі, Православіє

Previous post Next post
Up