Львоў, Карпаты, Букавель. "Пясчынкі".

Jun 12, 2009 09:10


"Ды гэтыя гуцулы месныя - яны ж ня людзі! Жывуць у сваіх сёлах, як сто год таму. Не працуюць, ня вучацца нідзе. Калі знойдзецца сярод іх чалавек, які ПТУ скончыў - усё, ён у іх ужо як той мудрэц. Дзікуны! Захочуць есьці - бяруць рушніцу, і ў лес. Там заб'юць казулю, дзіка ці лася - і жаруць потым, покуль мяса ня скончыцца. А як скончыцца, як прагаладаюцца - ізноў чэшуць у лес ці на раку. Так і жывуць. А паспрабуй каго зь іх зачапіць - адразу хапаюцца за стрэльбу і бягуць разьбірацца. Адмарозкі!"

Так красамоўнічаў таксоўшчык-кіянін, які вёз нас - навасьпечаных лыжнікаў ды бордэраў - з Букавеля ў суседняе сяло. Нават для яго - украінца - Карпаты ўяўлялі сабой нейкі іншасьвет. Кіроўцу тое раздражняла, мяне ж, наадварот, цешыла. Бо асабіста я ў Заходнюю Ўкраіну за тым і ехаў.

Ехаў з спадзевам патрапіць у іншае культурна-цывілізацыйнае вымярэньне. А чаму б і не: гэта край, які пад маскоўскім ботам быў усяго-та паўстагодзьдзя; дзе гутараць па-свойму, а сёй-той нават не разумее масквінскае; дзе ўшаноўваюць памяць тых, каго саўковы люмпэніят люта ненавідзіць; дзе некранутымі стаяць камяніцы мінулых стагодзьдзяў, у той час як у нас ўсё літаральна падчыстую вытаптана акупантамі і мясцовымі товарищами; дзе, нарэшце, шмат у якіх мясьцінах захаваўся традыцыйны лад жыцьця.

Зразумела, за кароткі час немагчыма спазнаць краіну. Можна адно толькі паспрабаваць заўважыць дробныя, але красамоўныя нюансы тамтэйшых рэаліяў - пясчынкі, у якіх адлюстроўваецца сусьвет. Таму расповед не пра краіну, але пра "пясчынкі".


Cтаніславоў. "Евросеть" не рызыкуе дражніць галічанаў рашкінскім трыкалёрам свайго брэнду. З першага кроку адчуваеш, што патрапіў у іншую краіну. Як там сп. Кучма пісаў: "Украина - не Россия"?..

Там жа. "Бамбіла", які ўзяўся везьці нас у Карпаты, урубае ненавісны масквінскі "шансон". Усё ж крыху пасьпяшаўся я, відаць, з спадзевамі на іншае культурна-цывілізацыйнае вымярэньне. Зрэшты, на шматзначнае пытаньне "у вас тут і такое слухаюць?" вадзіла такі зьбянтэжыўся, прамямліў "у нас усё слухаюць" і прапанаваў у якасьці альтэрнатывы кружэлку з украінскай папсой. Усю дарогу слухалі яе:)
А вось у Львове пенітэнцыярнай лірыкі не пачуеш, нават у таксі. Пан Білазір, твая сьмерць не была дарэмнай!

Букавель. У лаўцы з сувенірна-турыстычна-даведачнай прадукцыяй на самым бачным месцы красуецца выданьне з адкравеньнямі поп-, прасьцігоспадзі, дзівы Лаліты (Міляўскай) пра тое, што яна, маўляў, калі-небудзь абавязкова вернецца ў горад дзяцінства - закарпацкі Мукачів. Ах, сама Лаліта! Нашая! З самой Масквы!
Мне ў гэтым дробным нюансе бачыцца беспрасьветнае калхазанства шараговых "заходнікаў", і іхныя каланіяльныя комплексы. Досыць дзіўнае і непрывабнае спалучэньне - традыцыйная нелюбоў да Масквы, і ўвадначас сьвятарнае перад ёй трымценьне, асаблівы піетэт да тых, хто здолеў "падняцца" ТАМ. Да той жа Лаліты. Пры тым, што фронтмэн «Океану Эльзи» Вакарчук (таксама мукачавец, але ў турыстычнай лаўцы не прадстаўлены) - велічыня для Ўсясьвету куды больш значная, чым гэтая вульгарная маскоўская, прабачце, манда.

Калядны Львоў. Зьдзяйсьняем з чувакамі прамэнад па праспэкце Свабоды. Іду абсалютна бяз задняй думкі (зрэшты, і без пярэдняй таксама), як раптоўна апынаюся абкружаным тутэйшымі дзевачкамі, якія пачынаюць вадзіць вакол мяне карагод і сьпяваць калядкі. Прычым дзеўкі - самыя шараговыя, ня зь нейкага там сьпеўнага ці этнаграфічнага гуртку. У Беларусі такое немагчыма:)
А калядкі, дарэчы, за той тыдзень рэальна пасьпелі дастаць - адзін і той жа матыў з кожнага прасу. Напэўна, тут праяўляецца ня столькі шчырая рэлігійнасьць галічанаў, колькі традыцыя духоўна-эстэтычнай перпендыкулярнасьці колішняму саўку.

Львоў, плошча перад Операй - месца навагодніх "народных гуляньняў". Дзеі, якую ў Беларусі імкнесься абыходзіць за дзесяць кілямэтраў. Але абмінуць яе ў Львове было б злачынствам - жывая этнаграфія, фіглі. Мала таго, што Новы год, дык яшчэ і юбілей Сьцяпана Бандэры - роўна стагодзьдзе з Дня народзінаў. Аб чым хіба што не крычыць ягоны постэр, павешаны на Оперы. У атмасфэры ўсеагульнага братаньня і маральнага падзеньня падымаем тосты з рэальнымі львоўскімі Пацанамі. "Ну, за Новы!" - кажа адзін зь іх і цягнецца чокнуцца. "Ды бог зь ім, з Новым - мы за дзядзьку п'ем!" - вырашаю крыху прыкальнуцца і ківаю на постэр. "Ой бля, а хто гэта?" Пытаньне, шчыра кажучы, забіла. Але знайшоў сілы патлумачыць галіцкаму парубку, што гэты перац, які так сувора паглядае з плякату, ваабшчэ-та іхны нацыянальны герой. "О-о, ну, тады за дзядзьку! За галічыну!" - і шпок спустошанай пляшкай аб асфальт.
З народных гуляньняў сыходзіў па калена ў сьмецці і бітым шкле, з думкаю, што юбіляр загінуў, па вялікім рахунку, дарэмна.

Увогуле, Львоў зьдзіўляў і руйнаваў мае аб ім стэрэатыпныя ўяўленьні:

"Львоў - украінская Вена". Бздуры. Цэнтр Вены, ейныя архітэктурныя дамінанты - амаль выключна дзевятнаццатага стагодзьдзя. Галіцкая сталіца ў гэтым сэньсе шматкроць цікавейшая. Вядома, прысутнічае ў Львове і "венскасьць", але ягонае аблічча вызначае ўсё ж не яна.
Да таго ж, Вена - занадта пафасная, пампезная, падкрэсьлена "высокакультурная", і, на першы погляд, даволі глухая да такіх чалавечых слабасьцяў, як пахаваць і бухнуць. Львоў - ня ў прыклад больш утульнае і "сяброўскае" места.

"Львоў - горад высокай культуры". Сам у шоку, але Львоў - горад гопнікаў :-) Яны тут паўсюль. Нават так скажу: Львоў - запаведнік гопнікаў, у параўнаньні зь якім менскія Шабаны - ад сілы заказьнік мясцовага значэньня. Канешне, гутараць тутэйшыя Пацаны па-ўкраінску, сомбрэро носяць на іншы манэр і ўвогуле крыху іншыя яны, але гопнікамі ад гэтага быць не перастаюць. Дарэчы, масквінскім матам ня грэбуюць і тут (увогуле, складаецца стойкае ўражаньне, што вялікая руская культура ня ў стане ўзбагаціць іншыя нічым, апроч мату і блатняку).

"У Львове ўсё танна". Гэта паўпраўды. У параўнаньні зь Беларуссю вельмі танныя кавярні-рэстарацыі. За вячэру ў прыстойным месцы тут возьмуць каля $10. А ў адной кропцы за першае, другое, салату, кубак гарбаты, кавалак фірмовага торту і пляшку файнага Львоўскага зь мяне ўзялі ўсяго 4 баксы! Прычым смачна ўсё паўсюль - незалежна ад статусу завядзеньня. Таксама танная ў Львове вопратка ў буціках. Напэўна, за кошт зьніжак. Такое, каб за паршывенькія, хай сабе і фірмовыя, джынсы прасілі $500, як у Менску - для Львова нечувана. Можна было і за дваццатку нешта выбраць пры жаданьні. Ну, і як па ўсёй Украіне, у Львове вельмі танныя паслугі грамадзкага транспарту і мясцовыя прадукты.
Затое адносна дарагое пражываньне ў гатэлях і пасуткавая арэнда кватэраў (другі варыянт усё ж прывабнейшы). А што асабліва зьдзівіла, дык гэта кошты на львоўскіх рэчавых рынках, якія ад беларускіх нешта ня надта адрозьніваюцца. Ніколі, ні пры якіх абставінах, ні за што ня суйцеся на "Південь", нават калі экскурсавод будзе палымяна вам гэты рынак нахвальваць. Проста паверце - гэта будзе жахліва! Лепей лішні раз паблукайце па львоўскіх вулачках, парках і дворыках.

”Львавянкі, як і ўсе ўкраінкі, красуні”. Прызнацца, нічога такога экстра- не заўважыў. Магчыма, кепска глядзеў, але ўбойнай і ахавай прыгажосьці, якую ў Кіеве напаткаеш ледзь не на кожным кроку - не сустракаў. Чыста фармальна львавянкі не прыгожыя. Але! Назіраньне за імі суправаджалася ў мяне стойкім адчуваньнем таго, што яны - іншыя, вельмі адрозныя ад беларусак ці тых жа кіянак, і гэта дзіўным чынам дадае ім абаяньня. Раней такое даводзілася адчуваць толькі ў Італіі, дзе мясцовыя дамы таксама нібыта зусім не ў маім гусьце, але пры гэтым ну вельмі асабіста для мяне прывабныя.
***

Бонтон для турыста ў Львове - набыць сабе майку з надпісам “Дякую тобі, боже, що я не москаль”. Я ж застаўся бяз майкі, бо ў продажы прысутнічаў толькі варыянт з выявай казака зь селядцом на чэрапе. Львоў і раптам казакі? Цьху! Гэта горш, чым палачаніну назваць свайго сына Ванем ці Валодзем. Зрэшты, казаччына хоць і ўступае ў дысананс зь Леаполісам, але, у прынцыпе, не кантрастуе зь цяперашнім насельніцтвам, зь яго стыхійнасьцю і барбарствам. Культуртрэгерскія магчымасьці львоўскага гарадзкога асяродзьдзя відавочна не спраўляюцца з антрапагеннай нагрузкай ад учорашніх галіцка-карпацкіх сялянаў. А публіка тут іншая. Калі сярэдні беларускі гараджанін - нашчадак аграрыя, які ўсё жыцьцё гнуў сьпіну ў барацьбе за рабскі клубень, то цяперашнія львавяне спусьціліся з гораў, дзе, адчуўшы голад, ідуць каго-небудзь забіваць.

А ў астатнім - усё як у нас. Толькі ў тых, хто жыве ў слаўным горадзе Львове, штодня ходзіць па гэтых вулачках і дворыках і купаецца ў атмасфэры культурнага сярэднявечнага места - было болей шанцаў, чым у нашых, стаць эўрапейцамі.

трэвэлпорна, вандроўкі, Украіна

Previous post Next post
Up