Смяротныя бароны.

May 09, 2011 16:44


Чарговы твор майго дзеда

Летам 1943 года немцы, пацярпеўшы паражэнне на Курскай дузе, пачалі адступаць на захад. Заварушыліся яны і ў нашай мясцовасці, пачалі часцей ездзіць у бок Друці, да Азяран, праводзячы рэкагнасціровачныя, падрыхтоўчыя работы да будаўніцтва лініі абароны на рубяжы Друці.

Часта здаралася, што нямецкія аўтамабілі па дарозе з Вірычава на Азяраны падрываліся на мінах, устаноўленых партызанамі. Немцы ведалі, што шмат вірычаўцаў ваююць у лесе, і што многія вяскоўцы звязаны з партызанамі. Вось і вырашылі яны прымяніць супраць жыхароў Вірычава рэпрэсіўныя меры псіхалагічнага характару. У сваіх загадах яны падкрэслівалі, што адказнасць за стан дарог павінна несці мясцовае насельніцтва.

На практыцы гэта рабілася так. Чалавек 20-30 мужчын, жанчын і дзяўчат зганялі ў гурт. Збіраў людзей і арганізоўваў мерапрыемства па камандзе немцаў стараста Нічыпар Мурзянкоў. Пры гэтым дэманстравалася “гуманнасць” - з аднаго дома ў групу заложнікаў больш аднаго чалавека не бралі. Затым запрагалі каня і прычэплівалі да яго на шырыню дарогі 2-3 бараны. Уперадзе ішоў конь з баронамі, за ім услед - пяць падвод, а за падводамі рухаліся 4-6 шарэнг людзей, па 5 чалавек у шарэнзе. Далёка ззаду ішлі 2-3 немцы або паліцэйскія.

Вось такое жудаснае шэсце заложнікаў павінна было праходзіць шлях ад Вірычава да Азяран і назад. Тое ж рабілася і па дарозе да Ціхініч. У гэтым смяротным мерапрымстве прымалі ўдзел амаль усе жыхары вёскі. Кожны з іх¸ робячы чарговы крок, з жахам чакаў выбуху. Сямён Крэз, якім выпала раз кіраваць канём з бараной, успамінаў потым, што пасля гэтага ў яго тры дні калаціліся рукі ды ногі.

Але ці то Бог быў літасцівы да людзей, ці то міны былі з сакрэтам, толькі выбухаў не здаралася. Адразу пасля баранавання дарогі немцы выязджалі на яе смела. І якраз тады варожыя аўтамабілі ўзрываліся зноў. Раззлаваныя немцы яшчэ раз арганізоўвалі смяротны картэж, ужо з большай колькасцю людзей. І так было на працягу некалькі месяцаў, да позняй восені 1943 года. Але і пасля ўзмоцненага.скароджання адбывалася ўсё тое ж: аўтамабілі падрываліся на дарозе.

Відаць, як толькі немцы пачыналі арганізоўваць “баранаванне”, гэта станавілася вядома партызанам. Хутчэй за ўсё, іх мінёры сядзелі недзе ў хмызняку, пільна назіралі за шэсцем, а пасля яго праходу хутка ўстанаўлівалі міны.

Выпадак падрыву на міне адбыўся толькі раз. Выбухам адарвала нагу падлетку Лёніку Шумілаву, калі ён ішоў у ціхінічы на раздабыткі солі. І да гэтага часу перад маімі вачыма стаіць малюнак: Лёнік на драўлянай назе клыпае ў школу ад за 6 кіламетраў у Заполле.

У барацьбе з партызанамі немцы прадпрымалі і іншыя псіхалагічныя сродкі. Восенню 1943 года ў вёсцы размясцілася інжынерная часць, якая будавала лінію абароны па Друці. Партызаны ўжо не маглі вольна праходзіць праз Вірычаў на заданні ў бок чыгункі Жлобін-Цялуша. У гэты час яны хадзілі па полі паміж Вірычывам і Ціхінічамі. Другім маршрутам быў шлях з Крушынаўскага лесу на ўскрай Навасёлак, затым Ціхініцкі лес, раўніна паміж Кашарай і Ямным і так да самай чагункі.

Каб перашкодзіць гэтым рэйдам партызан, немцы мабілізавалі вірычаўцаў для аховы шляху паміж вёскамі. Людзі расстаўляліся на адлегласці 30-40 крокаў, каб можна было добра чуць адзін аднаго. На ўскрайках вёскі стаялі пасты паліцэйскіх, а ў першых дамах Вірычава і Ціхініч дзяжурылі немцы. Калі ж праз гэты жывы ланцуг праходзілі партызаны, то вяскоўцы павінны былі перадаць гэтую падзею да бліжэйшага нямецкага паста.

Але і тут задума немцаў не спрацавала. І партызаны, і вірычаўцы прымянялі хітрасці. Перад тым, як прайсці ланцужок з жывых людзей, партызаны ўперадзе аускалі некага з мясцовых. Той па постаці пазнаваў дазорнага, падыходзіў да яго і ціхенька зваў. Убачыўшы свайго, а часам і сваяка, вартаўнік нічога не гаварыў суседу. Партызаны праходзілі праз ланцуг. А калі гэта зрабіць не ўдавалася, то яны праходзілі паўз вахту як мага хутчэй, бо ведалі, што сігнал па ганцугу перадаецца замаруджана. Пакуль крыкі даходзілі да немцаў, пакуль яны даязджалі да месца пераходу партызан, тых ужо і след прастываў. Пастраляюць немцы ў цемру і вернуцца ў вёску.

Такім  чынам ахоўваўся шлях паміж Ціхінічамі і Фалевічамі. Нашай сям’і і іншым сем’ям з вёскі, па прапанове партызан пашанцавала выйсці ноччу з Валок гадзін за пяць да знішчэння гэтай вёскі 13 кастрычніка 1943 года. Там мы знаходзіліся як партызанская сям’я, а іншыя хавалі там ад немцаў кароў. Мы прабіраліся на Падсобнае ў бок Вірычава. На дарозе Ціхінічы-Фалевічы стаялі вартавыя, больш паліцэйскія, якія час ад часу стралялі ракетамі.

Мне, дзевяцігадоваму хлапчуку, было  страшна. Усё здавалася, што ў святле ракет нас бачна са шляху.

А жыхары Вірычава пасля вайны доўга ўспаміналі тыя жудасныя картэжы, калі прамянялі барану вясной, у час палявых работ.
1 чэрвеня 1994 год  газета “Свабоднае слова”.  г.Рагачоў
Previous post Next post
Up