Вывучэньне Бібліі

Feb 22, 2008 21:28




Я не памятаю, з якога ўзросту ведаю Біблію. Упершыню пазнаёміўся з ёю дзесьці ў дзяцінстве.
Потым чытаў самастойна, вывучаў з дасьведчанымі людзьмі, ў царкве. Нават у АГТ у 2005-06 гадах збіраўся гуртокпа чытаньню Бібліі ў кантэксьце сучаснасьці.
Але ніколі не было так цікава і грунтоўна, як зараз.
Дзесьці з кастрычніка мінулага года ў нас На Падворку мы вывучаем Біблію пад кіраўніцтвам доктара тэалёгіі Ірыны Дубенецкай.


   

За чатыры месяцы прайшлі чатыры першых раздзела кнігі Роду (або кнігі Быцця). Спадарыня Дубенецкая не толькі трымае нас першакрыніцаю на старажытнагабрэйскай мове, карэктуючы ўсе надакладнасьці, а часам і супярэчнасьці, перакладаў, але і ўводзіць кантэкст старажытнага Блізкага Ўсходу, чапляючы шумерыйскую, акадскую, угарытскую, арабскую,  хетытскую ды іншыя традыцыі, тэксты, проста семантыку і этымалёгію.

На пачатку ўсіх, хто прыходзіў, вельмі напружвала неабходнасць разбіраць кожнае слова, а хрысціянаў і некананічныя, так бы мовіць, трактоўкі. А потым усіх захапіла, і пратэстантаў, і каталікоў, і агносьцікаў. Нават тых, хто лічыць сябе нейкімі экзатычнымі сатібабістамі. 
Сёньня толькі што скончылі разбірацца с першымі чатырма вершамі 6 раздзелу кнігі Роду.

Здаецца, менавіта такой інтэлектуальнай работы не хапае сёняшнім беларусам.

Раней я спрабаваў спалучыць сучасныя праблемы ў нашым разуменьні, з аналягічнымі праблемамі ў Бібліі. Гапрыклад, у АГТ, а раней і ў царкве, я спрабаваў пачаць вывучэньне Бібліі с кніг, якія апісваюць вяртаньне з 70-ці гадовага Бабілёнскага палону, праводзячы аналёгію з савецкім палонам Беларусі. Тады мы таксама шмат чаго цікавага і карыснага зразумелі.
Але зараз я думаю, што ўсё прасьцей. Трэба проста працаваць. Разам з метадалягічным семінарам біблейскія чытаньні складаюць такое напружаньне ў АГТ, якога, мяркую, нідзе ў Менску больш няма. 
Так гартуецца розум.  

АГТ

Previous post Next post
Up