Дзьве гадзіны ў Вільні. 3 - Базыліянскі манастыр Сьв. Тройцы.

Oct 11, 2014 00:37


Крыху далей па Вастрабрамскай вуліцы ў кірунку цэнтру месьціцца галоўны рассаднік Вуніі ў Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім:


1
У першай плове 17 ст. манастыр стаўся месцам аднае з  выбітных манаскіх рэформаў. У часе прыняцьця Берасьцейскае Вуніі ўсходняе манаства ў Рэчы Паспалітай было ў жалюгодным стане. Мітрапаліт Гіпат Пацей скардзіўся ў лісьце да Льва Сапегі, што ня мог знайсьці ніводнага годнага ды вучонага манаха для гэтага манастыра. Але ў 1603 годзе ў браму Сьв. Тройцы пагрукаў малады купецкі чаляднік Янка Кунцэвіч, а ў 1607, крыху нечакана для сябе самога - выпускнік рымскае Грэцкай калегіі Язэп Велямін Руцкі. Можна сказаць што гэтыя тры асобы - Пацей, Кунцэвіч і Руцкі і вызначылі далейшы развой базыліянскага манаства ды й усяе вуніяцкае царквы ў Рэчы Паспалітай. Ужо ў 1613 годзе павелічэнньне віленскае базыліянскае супольнасьці прывяло да заснаваньня новых манастыроў у Быцені і Жыровічах. У 1617г. на капітуле ў Наваградку была заснавана Віленская кангрэгацыя Найсьвяцейшае Тройцы з пяцёх манастыроў (Вільня, Быцень, Жыровічы, Наваградак і Менск). На момант сьмерці Руцкага ў 1637 г.  ў Рэчы Паспалітай існавала ўжо 36 базыліянскіх манастыроў...

Брама, збудаваная Янам Крыштофам Гляўбіцам:


2
Пад брамай шыльда ў памяць Ігната Дамейкі, які меў мажлівасць пасядзець тут у вязьніцы, чакаючы выроку ў справе філяматаў. Канешне, вядомы ён ня толькі адсідкай у вастрозе:
2002 год у сувязі з 200-годзьдзем нараджэньня Дамейкі, UNESCO назвала «Годам Ігната Дамейкі»[чым і выклікана зьяўленьне шыльды]. Імя Дамейкі носіць вульканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінэрал дамейкіт (domeykite, Cu3As); фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana); малая плянэта 2784 Domeyko; шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадзкіх установаў па ўсім сьвеце(Вікіпэдыя).
Цікава, ці паставілі нейкую юбілейную памятку на радзіме Дамейкі ў Карэліцкім раёне?


3
Так  Базыліянская брама выглядае з тылу:


4
Караценькі правулак замыкае другая брама, якая, нарэшце, прыводзіць на манастырскі падворак:


5
Царква збудавана ў 1516 годзе коштам князя Канстантына Астроскага ў знак падзякі за перамогу пад Воршай. Галоўны фасад носіць сьляды перабудовы мураўёўскіх часоў, прыалтарныя вежы яўна перабудоўваў той самы Гляўбіц.


6


7
Зараз праводзяцца рэстаўрацыя:


8
У нішах захаваліся рэшткі фрэсак, таксама, падобна, з мураўёўскіх часоў:


9


10
Унутар патрапіць не атрымалася, але пару здымкаў праз заляпаную пальцамі шыбу дзьвярэй удалося зрабіць:


11


12
Абсыда канструкцыяй нагадвае царкву ў Сынкавічах:


13
працяг будзе...

vilnia, photo

Previous post Next post
Up