Пасля возера Ацітлан у нас не засталося ні капейкі наяўных грошай. У Гватэмале мы планавалі прабыць яшчэ не больш за 2 дні. Здымаць кецалі з банкаўскай карткі за немалую камісію не хацелася. І мы вырашылі працягнуць падарожжа без грошай.
Ноч і трапічны лівень засталі нас у маленькім горным мястэчку. Мокрыя да ніткі і замёрзшыя, мы сышлі з трасы ў пошуках месца для начоўкі. Раптам сярод цемры з’явіўся чалавек. Мы запыталіся, ці не ведае ён, дзе можна пераначаваць. “Запытайцеся ў гэтым гатэлі”, - ён паказаў пальцам на асветленую ліхтаром вывеску. “У нас няма грошай на гатэль”, - тлумачым мы. “Я і кажу, зайдзіце ў гатэль, запытайце дона Сямёна. Ён вельмі добры чалавек”.
Мы завярнулі за вугал і пакрочылі ў бок рэцэпцыі. Адтуль да нас пад дождж выйшаў хлопчык год адзінаццаці. “Уна кўарта?” (пакой?) - запытаў у нас. “Мы хочам паразмаўляць з донам Сямёнам”. Хлопчык залепятаў штосьці па рацыі. Затым загадаў чакаць і зноў знік за дзвярыма рэцэпцыі. Мы засталіся чакаць пад дажджом.
Праз хвілінаў 5 да нас выбег дон Сямён. Мы коратка расказалі яму пра сябе. Сказалі, што хочам пераначаваць, але не маем грошай. Затое можам зрабіць любую працу ў гатэлі: штосьці памыць, прыбраць. А таксама з радасцю паспяваем беларускіх песень. Дон Сямён, нібыта добра нас разумеючы, паківаў галавою, сказаў чакаць і сам знік за дажджавою завесаю.
Праз пару хвілінаў да нас ізноў выйшаў той самы хлопчык і сказаў, што дон Сямён чакае нас дома і паказаў пальцам на хату, адкуль з трубы на даху клубіўся густы дым. Ідзем на галасы. Кухня. Тут у сборы ўся сям’я: дон Сямён з жонкай, іхні сын з нявесткай і два ўнукі. “Кьерэмос эскучар мусіка” (хочам паслухаць музыку), - аб’явіў нам дон Сямён.
Паслухаўшы музыку і пачаставаўшы нас вячэраю, дон Сямён выдзяліў нам самы лепшы пакой у ваім гатэлі. І раніцай пасля сняданку мы працягнулі шлях.
Да Гватэмала-сіці нас давезлі два спадара, адзін з якіх апынуўся афіцыйным дыстрыбутарам антывіруса Касперскі ў Гватэмале. “А што, у вас усе кампутарныя праграмы ліцэнзійныя?” - пытаемся мы. “Ды не”, - адказвае той. Але працы, відаць, у яго хапае. І грошай таксама. Нашыя новыя сябры адвезлі нас у рэстаран нацыянальных страваў і накармілі так, што мы нават не здолелі ўсё з’есці і ўзялі з сабою.
Ужо ў прыгарадзе Гватэмалы нас застала ноч. Так і не здолеўшы выбрацца з горада да цемнаты, мы пачалі шукаць прытулак. Бачым вывеску: “Суполка хрысціянаў, бла-бла-бла...”. Гватэмала - вельмі рэлігійная краіна. Кожны першы тут у нас пытаецца, якая ў нас рэлігія, і спявае нам “кансьёнэс пара діос” (песні для бога). Значыць, у гэтай суполцы нам мусяць дапамагчы.
У вялізнай царкве кожны займаўся сваімі справамі. Хтосьці маліўся, хтосьці спяваў. Ніхто не звяртаў на нас увагі. У пошуках падрэ, я падышла да барадатага мужчыны і патлумачыла сітуацыю. Той раптам як ашалеў, пачаў крычаць, што падрэ няма, а ён не можа нам дазволіць не тое што ў царкву ўвайсці, але і паставіць перад ёй пад навесам намёт. І ўсё таму, што мы не з’яўяемся членамі іхняй хрысціянскай суполкі.
Гнявіць бога не хацелася. І мы развярнуліся назад. Аднак у цемнаце разгледзелі маленькую драўляную хатку са святлом у падворку. І накіраваліся туды. Там нас уважліва выслухалі, сказалі, што мы ўсе браты, хоць і размаўляем на розных мовах, а бог - наш агульны бацька, і павялі начаваць у суседні будынак, які хаваўся ў цемры за дрэвамі.
Будынак апынуўся вялізнаю старою сядзібаю, дзе, відаць па ўсім, ужо доўга ніхто не жыве. Драўляная падлога правальваецца пад нагамі, сцены абвітыя павуціннем. Аднак усё яшчэ бачная былая веліч будынку. Тут два паверхі з высачэннымі столямі. Двор выкладзены пліткаю, а пасярод двара - каменны фантан. За будынкам - стары сад з тоўстымі дрэвамі, пад якімі стаяць каменныя лавы.