Мне даволі складана выказаць сваю любоў і прыхільнасьць да Палесься. Словы не складваюцца ў вершы, фотаздымкі атрымоўваюцца даволі пасрэднымі, малюнкі - дзіцячымі. Таму я паспрабую паказаць тое, што я несур’ёзна называю «вещдоками» і паслядоўна растлумачыць што да чаго, і чаму менавіта так, і чаму нельга не любіць і ўражвацца. Кожны раз і кожны момант.
Трэ было прачнуцца вельмі рана, недзе а 5-6 гадзіне. Не сьнедалі, мыліся, апраналіся і адразу сядалі на воз. Ехалі куды-небудзь з “сваіх” месцаў у лесе. На бліжэйшыя тры кілометры звычайна нічога не было, усё пазьбіралі пешыя грыбнікі. А мы на кабыле, можам і да мяжы ўкраінскай даехаць выпадкова, бывала й такое. Чарніцы, буяхі, ажыны не кранаем - наеліся. Але чарніцы таксама можна было б назьбіраць - іх прымаюць. Я не люблю іх браць - камары закусаюць на адным месцы сядзець, ды й сьпіна…
Мы едзем у лісіцы. Іх можна пры добрым надвор’і прывезьці цэлы воз, без жартаў. Іх цікава зьбіраць: жоўтыя шляпкі падобныя на лісточкі дрэваў, ёсьць такія, што растуць з-пад моху, ці з-пад апалай ветцы, падманьшчыцы такія. Яны любяць разам з бярозамі жыць, ці ў моху - тады ў іх доўгія ножкі.
Мы з дзяцінства былі прывучаны да лесу, мы не баяліся яго і нічога ў ім. Бабуля казала, што неаднаразова бачыла воўка і лася, казала, што і дзік жыве побач недзе. На маё пытаньне, ці не баялася яна сустрэцца з дзікам, адказвала, што ўдзень ён спіць.
Яна не вучыла нас шукаць грыбы. Просто казала: схадзі, вось там паглядзі. І адпраўляла на ўжо гадамі праверанае месца. Яна добра ведала лес. У мяне калі-некалі выклікае добрую ўсьмешку бабуліны размовы з дзядуляй.
- Дзе зьбіралі сёньня?
- Там, каля дуба апаленага. А потым за хмызьняком праз балота прайшлі. Ды за крыніцаю каля колінага месца.
Я не памятаю, калі апошні раз была ў лесе. Менавіта ў нашым лесе і з нашым фарматам зьбіраньня: на сьвітаньні, надоўга і далёка. Я ўспамінала ўсё: маю прыватную гісторыю пра яшчарку, тое, як хадзілі па балотам, набраўшы вады ў чобаты, як гулялі з мурашкамі, як любаваліся гарлачыкамі на вадзе, як пахла багульнікам, як хацелася знайсьці што-небудзь цікавае з бытавых пакінутых рэчаў у закінутай пасьля ЧАЭС вёсцы Воранаў, як смачна пілася з крыніцы.
Я здымала ўсе свае nostalgie на мабільны, успамінала той час, калі іх не было і можна было лёгка заблукаць…
А сьняданак на пні быў, канешне, самым смачным. У дзяцінстве, калі бацькі прыходзілі з лесу, прыносілі нам трошкі з таго, што не з’елася ў лесе: агурок, напрыклад, ці хлеб. І казалі: “ад зачыка” ці “ад вожыка”. Мы не маглі не верыць. Пэўны час я чамусьці думала, што так было ва ўсіх дзяцей і жартавала, гледзячы на рэшткі ежы ў кантэйнеры, што звычайна бяруць з сабой на работу. Ніхто не разумеў, што такое “ад зайчыка”.
Гады тры таму я ўпершыню пабачыла заходнюю Беларусь. Мы хадзілі ў паход глядзець на рэшткі Гальшанскага Замку, Крэва і г.д. Мяне вельмі ўразіла тое, што ў адрозненьні ад Палесься, там было значна больш хутароў, іншыя хаты, іншая схема ўладкаваньня самаго падвор'я, і (!) зусім іншая гаворка. Гэта было для мяне самым цікавым. Я ўсё марыла як-небудзь прыбіцца да музычнай экспедыцыі да студэнтаў-практыкантаў, што зьбіраюць фольк-матэрыял, каб слухаць, слухаць гэта і напаўняць сябе нібыта чашу. Я ж аўдыёліст! )
Таму я шчыра дзялюся "сваім" для такіх жа зацікаўленых. Але штосьці мне падказвае, што такіх няшмат. Калі кагосьці зацікавіць - у мяне яшчэ ёсьць парачка запісаў.
Якасць кульгае.